Не толькі прэса. Праваабаронцы паведамляюць пра ператрусы ў рэгіёнах

Як паведамляюць мясцовыя актывісты і праваабаронцы, сілавікі прыйшлі з ператрусамі да актывістаў ў Светлагорску, Докшыцах, Глыбокім.

20170417_zona1.jpg


У Светлагорску, у прыватнасці, раніцай 8 ліпеня міліцыя прыйшла адразу па некалькіх адрасах, паведамляюць праваабаронцы. Што стала прычынай, пакуль невядома, піша «Беларускі Партызан».

З ператрусам у Светлагорску прыйшлі ў тым ліку да сястры мясцовага актывіста Дзмітрыя Дзікуна, былога работніка Мазырскага НПЗ. Летась Дзікуна затрымалі за фота з нацыянальным сцягам ля знака «Я люблю Светлагорск» і аштрафавалі. Затым, баючыся пераследу, ён з’ехаў у Літву.

Пра ператрусы ў Глыбокім і Докшыцах паведамляе мясцовы краязнаўца Канстанцін Шыталь. Паводле яго слоў, міліцыя прыйшла да глыбоцкіх актывістаў Аляксандра Шарабайкі і Вольгі Лапатка, а таксама ў Докшыцах да настаўніка Арцёма Стадольніка і былога следчага Юрыя Мацеюна.

«У Докшыцах нібыта шукаюць тых, хто размаляваў аўтобусны прыпынак у адной з вёсак. У Глыбокім, паводле непацверджанай інфармацыі, шукалі выбухоўку», — напісаў краязнаўца Кастусь Шыталь.

Нагадаем, сёння сілавікі прыйшлі ў шэраг рэспубліканскіх і рэгіянальных выданняў.