«Непрыхаваны пераслед за творчую дзейнасць». Мастак Алесь Пушкін расказаў сваю версію прычыны зняволення

Мастак-палітвязень даслаў ліст на волю, у якім падрабязна патлумачыў, чаму напісаў партрэт антысавецкага партызана Яўгена Жыхара і ці стала гэтая праца сапраўднай прычынай яго зняволення. «Свабода» пачытала турэмны ліст у яго доме ў Бабры.

e667eb9e_3316_4caf_946d_3da6d592d505_w1023_r0_s.webp

Хата Пушкіных у Бабры Алеся Пушкіна затрымалі 30 сакавіка ў вёсцы Жылічы Кіраўскага раёна на рэстаўрацыі палаца Булгакаў. Незадоўга да таго ён вярнуўся з Украіны, дзе браў удзел у вялікім форуме мастакоў, ужо ведаючы, што на радзіме стаў фігурантам крымінальнай справы паводле ч. 3 арт.130 Крымінальнага кодэкса («Распальванне варожасці»).
Як адзначыла гродзенская пракуратура, «за ўчыненне наўмысных дзеянняў, накіраваных на рэабілітацыю і апраўданне нацызму». За гэта пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Афішы імпрэз мастакоў з удзелам Алеся Пушкіна

Афішы імпрэз мастакоў з удзелам Алеся Пушкіна


Фармальнай падставай стаў партрэт падпольшчыка Яўгена Жыхара, выстаўлены ў прыватным «Цэнтры гарадскога жыцця» ў Гродне. Спачатку Алеся Пушкіна змясцілі ў гродзенскі СІЗА, потым перавялі ў СІЗА №1 Мінску, а ў траўні перавезлі ў следчую турму Жодзіна.
У лісце з-за кратаў мастак паразважаў, ці сапраўды партрэт спрычыніўся да яго крымінальнага пераследу.

«Сваім трагічным жыццём увасобілі пакутлівы шлях Беларусі»

«Лічу неабходным у сувязі з маім зняволеннем даць уласнаручнае тлумачэнне факту і матыву напісання мной, сябрам "Беларускага саюза мастакоў" (білет №617), партрэта Яўгена Жыхара (2014 год, палатно, алей, інсталяцыя рама, 140×120 см), — піша ў лісце з турмы Алесь Пушкін. — Праца выклікала ўвагу пракурора Гродна Уладзіміра Клішына, які 26 сакавіка пачаў крымінальную справу пасля адкрыцця выставы „Пушкін у Гродне“ ў "Цэнтры гарадскога жыцця", дзе дэманстраваліся 30 маіх работ, фотаздымкі, дакументы і праект роспісаў для інтэр’еру Старога замка.
І толькі гэты партрэт, паказаны ад 2014 года на справаздачнай выставе да ХІХ з'езда нашага саюза ў мінскім Палацы мастацтва, экспанаваны на персанальных выставах у Познані, Аструдзе, Калінінградзе, Балтыйску, прыцягнуў увагу пракуратуры, паслужыў прычынай майго зняволення і абвінавачання паводле ч. 3 арт. 130. Чаму ж толькі цяпер, у сакавіку, адбылася рэакцыя праваахоўна-карных органаў на мой твор мастацтва?
Праз гістарычны партрэт — складаны жанр — я выяўляю гэты няпросты, балючы і гераічны шлях, які прывёў да таго, што мы цяпер маем: уласную краіну з яе дасягненнямі і бедамі. Я выяўляю людзей з праўдзівай, характэрнай беларускай гісторыяй, амаль забытых. Яўген Жыхар — адзін з такіх.Яго партрэт 2014 года напісання ўваходзіць у маю серыю „Беларускі Рэзыстанс“, якую пачаў у 2003-м і працягваю дагэтуль.

Шыльда на сцяне дома

Шыльда на сцяне дома

Я абапіраюся на досвед і кансультацыі нашых гісторыкаў і даследчыкаў, не баюся ставіць сабе складаныя і цікавыя задачы, партрэтаваць, а затым экспанаваць у Беларусі і замежжы гэтых невядомых, непапулярных гістарычных персаналій, свядома забытых афіцыйнай прапагандай з яе рабскім каланіяльным мысленнем. А менавіта яны сваім няпростым, часта трагічным жыццём, як у кроплі вады, адлюстравалі боль і пакутлівы шлях Беларусі да незалежнасці. Яны мне гэтым і цікавыя!»

«Багата ёсць вобразаў пераможцаў, але пераможаных — няма»

«Я напісаў партрэты Юркі Моніча, Лукаша Семянюка, Вінцэнта Гадлеўскага, Георгія Бортніка, Станіслава Булак-Булаховіча, Івана Шанько, Вацлава Ластоўскага, Расціслава Лапіцкага, Тамары Чарамшагінай, Віталя Мікулы, Янкі Філістовіча, Васіля Супруна, Міхала Вітушкі, Усевалада Родзькі, Францішка Аляхновіча, Івана і Антона Луцкевічаў, Зоські Верас, Ларысы Геніюш, Васіля Быкава. Да гэтай серыі адносіцца і партрэт Яўгена Жыхара, які і выклікаў цяперашні мой пераслед.

Турэмны аўтапартрэт

Турэмны аўтапартрэт


Яго постаць страшная сваім трагічным лёсам і выбраная мной як вобраз беларуса ў вайне 1939-1945 гадоў між Усходам і Захадам, між дзвюма таталітарнымі сістэмамі — савецкай і нямецкай. Вобразны строй гэтага партрэта адпаведны: загнаны і зацяты ў сваім упартым змаганні беларускі хлопец з аўтаматам ППШ на адным плячы і філінам — на другім. Багата ёсць вобразаў пераможцаў у той вайне, але пераможаных — няма.
Месца гэтаму партрэту — у Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. А ўжо характарыстыка яго, подпіс пад ім — гэта справа гісторыкаў, мастацтвазнаўцаў, музейных работнікаў. Але не пракуратуры, ва ўгоду палітычнай кан'юнктуры і рэакцыі на падзеі 2020 года.

Сям'я штодня чакае весткі ад мужа і бацькі

Сям'я штодня чакае весткі ад мужа і бацькі

Тым больш, Яўген Жыхар — збіральны вобраз, мастацкае абагульненне тых неадзінкавых прэцэдэнтаў, якія мелі месца ў паваенную партызанскую гісторыю аж да сярэдзіны 1950-х. Я пісаў недакладны вобраз з адзінага захаванага групавога фотаздымка Яўгена Жыхара. Бо заўсёды сапраўдны мастацкі твор шматзначны і размаіта трактаваны.
Пачынаць крымінальную справу супраць мастацкага твора і выказванняў, дакладна зафіксаваных журналістамі (маецца поўны відэазапіс адкрыцця выставы 19 сакавіка); хуткія асуджальныя і непраўдзівыя высновы экспертнай дзяржаўнай камісіі па экстрэмізме пры Гродзенскім аблвыканкаме ў складзе Вадзіма Хілюты і Сняжаны Сямернік (нібыта я экстрэміст і рэабілітую сваімі дзеяннямі і выказваннямі нацызм) — гэта і ёсць пераслед мяне з боку дзяржаўных інстытуцый цяперашняй улады за творчую дзейнасць, іншадумства, неабыякавае стаўленне да гісторыі свайго краю.

Від з падворка на раку Бобр

Від з падворка на раку Бобр

А самае галоўнае — што гэты пераслед пачаўся пасля майго ўдзелу ў міжнароднай выставе беларускага мастацтва «Кожны дзень!» у Мастацкім арсенале Кіева 25 сакавіка, майго там выступу і інтэрв'ю ўкраінскім СМІ.
Вось сапраўдная прычына, чаму генеральны пракурор Андрэй Швед звярнуў увагу на маю асобу, выставу ў Гродне і загадаў пракурору Клішыну пачаць крымінальную справу з наступным маім зняволеннем і рашэннем Эканамічнага суда закрыць "Цэнтр гарадскога жыцця"».

«Сумна ад таго, што і праз 22 гады перформанс з тачкай актуальны»

25 сакавіка беларускую экспазіцыю ў Кіеве адкрывалі творы менавіта Алеся Пушкіна з яго «Турэмнага альбома». Першым быў прадстаўлены вядомы перформанс «Падарунак прэзідэнту», які ён зрабіў у 1999 годзе, але гэтым разам крыху абнавіў: на партрэце Аляксандра Лукашэнкі замест надпісу «За 5-гадовую плённую працу» была разлітая чырвоная фарба, якая сімвалізуе кроў.
Тады ён панаракаў: маўляў, сумна ад таго, што і праз 22 гады перформанс актуальны, а Лукашэнка за гэты час стаў сапраўдным «крывавым дыктатарам».

Кіеўскі перформанс Алеся Пушкіна

Кіеўскі перформанс Алеся Пушкіна


Алесь Пушкін нарадзіўся 6 жніўня 1965 года ў мястэчку Бобр Крупскага раёна, дзе жыве і цяпер. З жонкай Янінай гадуюць дзяцей Міколу і Марылю.
З 1988 года ўдзельнічаў у студэнцкім руху. Браў актыўны ўдзел у падрыхтоўцы мітынгу памінання продкаў у Мінску 30 кастрычніка 1988 года. За гэта быў арыштаваны на пяць сутак, але неўзабаве прысуд яму змянілі. 25 сакавіка 1989 года арганізаваў першы перформанс на 71-я ўгодкі БНР, тым самым распачаўшы сац-арт у беларускім мастацтве. Пасля гэтай акцыі яму прысудзілі 2 гады ўмоўна з пяцігадовым абмежаваннем у правах. Імя Алеся Пушкіна фігуравала на XIII пленуме ЦК КПБ 22 чэрвеня 1989 года: канстатаваўся развал выхаваўчай працы ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце.

Мікола і Яніна Пушкіны

Мікола і Яніна Пушкіны

Цягам 1995-1997 гадоў Алесь Пушкін распісваў новую царкву ў гонар святога Мікалая Цудатворца ў мястэчку Бобр. У жніўні таго ж года там і павянчаўся. Яго працы знаходзяцца ў Дзяржаўным мастацкім музеі Беларусі, музеях Полацка, Оршы, у прыватных зборах у Беларусі і за мяжой.
Заўсёдны ўдзельнік грамадскіх акцый і палітычных кампаній, уваходзіў у партыю БНФ (1998–2005 гады). За сваю актыўную пазіцыю неаднаразова быў арыштаваны і асуджаны.

Дыплом лаўрэата прэміі «За свабоду думкі»

Дыплом лаўрэата прэміі «За свабоду думкі»

У пачатку красавіка 2021 года праваабаронцы прызналі Алеся Пушкіна палітычным вязнем. На выпадак пагашэння матэрыяльнай шкоды яго дом у Бабры арыштаваны, маёмасць апісаная. Да таго ў жыллі і ў майстэрні адбыліся ператрусы, сілавікі канфіскавала тэлефоны і кампутарную тэхніку гаспадара і чальцоў сям'і.