«Няма месцаў»: Хлопца вызвалілі з Акрэсціна і сказалі, каб вярнуўся дасядзець «напрыканцы тыдня»
Аляксандру 34 гады, на жыццё зарабляе біржавым гандлем. Ён быў адным з тых, каго 15 лістапада затрымалі на плошчы Перамен у Мінску.
«Я стаяў у счэпцы, мяне выдралі адным з першых. Калі мяне закінулі ў аўтазак, то там яшчэ нікога не было. Чацвёра амапаўцаў накінуліся збіваць мяне дубінкамі. Вывіхнулі сківіцу, шмат сінякоў на нагах і дупе», — расказаў Аляксандр «Нашай Ніве».
Потым хлопца адвезлі ў Савецкае РУУС. Там яго разам з іншымі затрыманымі пратрымалі на вуліцы каля 10 гадзін. Прыкладна а чацвёртай ранку прывезлі ў ізалятар на Акрэсціна.
«Нас, адзінаццаць чалавек, кінулі у камеру на пяць месцаў. Адразу скінулі матрацы з нараў на падлогу, частка хлопцаў спала на іх на падлозе, а частка — на драўляных нарах. Было цёпла, я хадзіў там у адной майцы», — расказвае хлопец.
Ён кажа, што сківіца балела настолькі, што ў пастарунку ён нават не мог гаварыць, проста аддаў пашпарт і рэчы, каб з іх зрабілі вопіс. «На шчасце, у камеры з намі быў медык, які прапанаваў уставіць сківіцу на месца, пасля гэтага стала троху лягчэй».
У панядзелак над Аляксандрам адбыўся суд, яго прысудзілі да 15 сутак арышту. Пакаранне працягваў адбываць на Акрэсціна. Аднак 17 лістапада, у аўторак, ахоўнікі выклікалі хлопца з рэчамі.
«Нечакана мяне проста фактычна выкінулі за сцены ізалятара. Ніяк не тлумачылі, проста сказалі, што патэлефануюць і скажуць, калі трэба прыйсці адбыць арышт. Хутчэй за ўсё напрыканцы тыдня. Я лічу, што там проста няма месцаў», — кажа Аляксандр.
Цяпер хлопец збіраецца зняць пабоі.
«Патэлефануюць — прыйду адбываць далей, што паробіш», — па-філасофску ставіцца ён.
І 8, і 15 лістапада на вуліцах Мінска затрымалі больш за тысячу чалавек. Многія адбываюць пакаранне ў ізалятарах Жодзіна, Баранавіч і Магілёва.