Не варта падзяляць Каляды на каталіцкія і праваслаўныя
Большасць Праваслаўных цэркваў свету ўсё ж перайшла на грэгарыянскі календар, юліянскага трымаюцца толькі адзінкі – у тым ліку і Руская Праваслаўная царква, да якой належыць і Беларуская.
Каляды 25 снежня святкуюць разам з каталікамі і пратэстантамі праваслаўныя грэкі, балгары, румыны, чэхі, кіпрыёты, і першы сярод роўных Кансантынопаль. На пазіцыях юліянскага календара застаюцца
Руская, Грузінская, Сербская, Іерусалімская цэрквы. Беларуская праваслаўная царква ёсць кананічным падраздзяленнем РПЦ, таму праваслаўныя вернікі нашай краіны таксама святкуюць Каляды 7 студзеня. Між
тым, яшчэ ў 1917 годзе Сабор РПЦ прыняў рашэнне перайсці на новы стыль, але дагэтуль яго не выканаў. Дзеля пераходу на грыгарыянскі календар зараз нават не патрабуецца пастановы Памеснага Сабору,
Сіноду дастаткова толькі выканаць рашэнне 1917 года, але...
- Тут варта нагадаць, адкуль увогуле дата 25 снежня. Тут таксама не такая ўжо і адназначная гісторыя, бо хрысціянскія цэрквы пачалі святкаваць нараджэнне Хрыста толькі ў IV стагоддзі. Раннія
хрысціяне святкавалі момант аб'яўлення Хрыста – 6 студзеня (Вадохрышча - называем мы па-беларуску), калі Іісус прымае хрост ад Яна Хрысціцеля і ў развёрстых нябёсах бачыць Духа
Святога, што ў выглядзе голуба спускаецца, і чуе голас, які кажа: "Ты Сын мой улюбёны", - заўважае ў размове са Службай інфармацыі "ЕўраБеларусі" Ірына
Дубянецкая.
Хаця нават і ў ІІ стагоддзі ў Ірынэя Ліёнскага мы бачым спасылкі на тое, што зачацце адбылося на 25 сакавіка, што прыпадае на дзень вясновага раўнадзенства, а нараджэнне, значыць, на дзень
зімовага сонцавароту – на 25 снежня. Такія ідэі былі, але Царква не адзначала такія святы да IV стагоддзя. Па дакументах мы ведаем, што першае святкаванне нараджэння Хрыста 25 снежня
– гэта сярэдзіна IV стагоддзя ў Рыме. Ва ўсходніх жа цэрквах гэтае свята было ўведзенае яшчэ пазней – у самым канцы IV стагоддзя, дзякуючы ў тым ліку і гарачай прапагандзе гэтага
свята Янам Залатавусным.
- Чаму менавіта гэты дзень, дзень зімовага сонцавароту?
- Паварот да Сонца, нараджэнне Сонца – гэта вельмі вядомае свята ва ўсіх традыцыйных культурах, там, дзе мелі значэнне салярныя календары. Гэта і ў старажытнабеларускай традыцыі,
старажытнаеўрапейскай, старажытнаскандынаўскай. У Рымскай імперыі гэтае свята называлася Нараджэнне непераможнага Сонца. Калі ж хрысціянства стала афіцыйнай рэлігіяй у Рыме, то ідэя непераможнага
Сонца сінкрэтызавалася з Нараджэннем Хрыста як Сонца Праведнасці. Якраз пра гэта піша Ян Залатавусны: "Калі яны гэта называюць нараджэннем Сонца непераможнага, то хто непераможны як толькі
наш Госпад?" І ён, паводле Яна Залатавуснага, якраз ёсць Сонца Праведнасці.
А далей вось узнікае гэта праблема юліянскага/грэгарыянскага календара. Юліянскі календар паціху адстае ад трапічнага году, і ад канца ХVI стагоддзя, калі быў прыняты грэгарыянскі календар, тры
дні ў чатыры стагоддзі. У наступным стагоддзі святкаванне Нараджэння Хрыстова паводле юліянскага календара будзе не 7-га, а 8 студзеня, гэтак як у ХІХ стагоддзі яно адзначалася 6 студзеня. І калі
ўявіць сабе на вельмі далёкую перспектыву, то з кожным стагоддзем святкаванне Нараджэння Хрыстова па юліянскім календары будзе адыходзіць усё далей і далей ад дня зімовага сонцавароту, ад ідэі
Нараджэння Хрыста як Сонца Праведнасці.
Але ж, бачыце, разышліся і з сонцам, і з самой гэтай ідэяй нараджэння Сонца. І таму тыя праваслаўныя цэрквы, што засталіся на юліянскім календары, зараз таксама задумваюцца, бо на самой справе
ніякіх падставаў няма, каб прытрымлівацца гэтага. Тым больш, што юліянскі календар – гэта спадчына паганскага імператара Юлія Цэзара, калі на тое ўжо пайшло. Ну, але гэта, канешне, ніякага
значэння не мае, а мае значэнне менавіта вось сіла традыцыі.
- Але ж прыйдзецца традыцыі карэктаваць пад сучаснасць...
- Ёсць традыцыі, якія дапамагаюць у жыцці, ёсць, якія перастаюць дапамагаць. І якія з цягам часу адпадаюць, адміраюць, альбо, так, карэктуюцца пад іншыя ўмовы. Так чалавецтва, па сутнасці, і
існуе – фармуюцца пэўныя традыцыі з тае прычыны, што яны дапамагаюць адаптоўвацца да жыцця ў гэтым свеце, а тады, калі яны перастаюць граць пазітыўную ролю, яны ўжо не падтрымліваюцца.
Сапраўды, трымацца вось за гэтую дату, за юліянскі календар – не бачна аб'ектыўных прычынаў. Хіба што, магчыма, гэта надае нейкае пачуццё сваёй самаідэнтычнасці, адметнасці. Можа
быць, гэты фактар таксама адыгрывае сваю ролю ва ўпартым трыманні старога календарнага стылю. І, дарэчы, больш правільна было б не падзяляць Каляды на каталіцкія і праваслаўныя, няма тут розніцы з
багаслоўскага пункту гледжання на свята. Тут, хутчэй, трэба казаць менавіта пра юліянскія і грэгарыянскія Каляды.
eurobelarus.info