«Ноч расстраляных паэтаў»: Імпрэзы пройдуць у 12 краінах (расклад)
85 гадоў таму, у ноч на 30 кастрычніка 1937 года, у сутарэннях мінскай унутранай турмы НКУС былі расстраляныя больш за 100 беларускіх інтэлектуалаў — літаратараў, дзеячаў культуры і мастацтва, навукоўцаў, грамадскіх актывістаў. Штогод у апошнія дні кастрычніка беларусы ўшаноўваюць памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў сімвалічнай акцыяй «Ноч расстраляных паэтаў». Б***ат падрыхтаваў, дзе і якія імпрэзы пройдуць сёлета.
На працягу доўгага часу «Ноч расстраляных паэтаў» праходзіла
ў Мінску, у Курапатах — месцы масавага пахавання забітых у гады сталінскіх
рэпрэсіяў. Апошнія два гады, пасля таго, як шмат беларусаў з’ехалі з радзімы,
акцыю пачалі праводзіць у розных гарадах і краінах свету. Быў створаны
адмысловы сайт nochpaetau.com, на якім збіраецца інфармацыя пра мерапрыемствы ў
розных кропках. Таксама на гэтым сайце ёсць аповеды пра беларусаў — ахвяраў
сталінскіх рэпрэсіяў, спасылкі на рэсурсы з інфармацыяй пра тыя часы.
«Б*лсат» прыводзіць падборку імпрэзаў у краінах, дзе сёння найбольш
беларусаў.
Літва
Дзе: Вільня, пляцоўка каля Музею акупацыі і барацьбы за свабоду, Aukų g. 2A.
Калі: 29 кастрычніка, 17.00 — 19.00 па мясцовым часе.
Што: Памятная акцыя, у якой прымуць удзел музыкі Анастасія
Шпакоўская, Аляксандр Памідораў, Юры Несцярэнка, Ганна Валынец, гурт «Беларускі
цуд», паэткі Сабіна Брыло, Ванда Марціньш, Дар’я Роскач, старшыня Саюзу
літоўскіх пісьменнікаў Бірутэ Янушкайтэ і іншыя ганаровыя госці.
Латвія
Дзе: ля мемарыялу ахвярам савецкай акупацыі на плошчы Латышскіх стралкоў.
Калі: 29 кастрычніка, 18.00 — 20.00 па мясцовым часе.
Што: чытанне вершаў, запальванне знічоў, ускладанне кветак. Тым, хто хоча выступіць на акцыі, прапаноўваюць запоўніць анкету.
Польшча
У Польшчы памятныя акцыі пройдуць у некалькіх гарадах.
Быдгашч
Дзе: пляцоўка каля Музею Быдгашскага каналу, Staroszkolna, 10.
Калі: 29 кастрычніка, 17.00 па мясцовым часе.
Што: чытанні вершаў расстраляных паэтаў, гутаркі,
пачастункі, перформанс.
Гданьск
Дзе: Аблацкі цэнтр адукацыі і культуры, Elżbietańska 9/10.
Калі: 29 кастрычніка, 19.00 па мясцовым часе.
Што: літаратурна-тэатральная вечарына «Маладыя. Прыгожыя.
Яркія», якую правядзе Беларускае культурнае таварыства «Хатка».
Кракаў
У Кракаве пройдзе некалькі імпрэзаў у розных месцах.
Дзе: вул. Кракаўская, 19 (2 паверх)
Калі: 29 кастрычніка, 17.00 па мясцовым часе.
Што: прэзентацыя літаратурнага часопісу «Таўбін», названага
ў гонар паэта Юлія Таўбіна. Рэдактар і сузаснавальнік часопісу Артур Камароўскі
падзеліцца падборкай беларускіх перакладаў творчасці расстраляных у тыя ж часы
паэтаў Украіны. На сустрэчу можна зарэгістравацца па спасылцы.
Дзе: ля помніка Адаму Міцкевічу.
Калі: 29 кастрычніка, 20.00 па мясцовым часе.
Што: Шэсце памяці.
Дзе:
Chicago Live Music, Sławkowska, 11.
Калі: 29 кастрычніка, 21.00 па мясцовым часе.
Што: Адкрыты мікрафон на чытанні вершаў расстраляных паэтаў.
Выступяць гурт Znak Stop, Жэня Вялько.
Уроцлаў
Дзе: Klub Proza, Przejście Garncarskie, 2
Калі: 30 кастрычніка, 18.00 па мясцовым часе.
Што: чытанні вершаў расстраляных паэтаў. Кожны ўдзельнік
можа прачытаць абраны верш.
Варшава
Дзе: Музей Вольнай Беларусі, Foksal, 11
Калі: 30 кастрычніка, 18.00 па мясцовым часе.
Што: канцэрт-прэзентацыя новага выдання кнігі
«(Не)расстраляныя», у якой сабраныя гісторыі жыцця беларускіх пісьменнікаў,
якія сталі ахвярамі сталінскіх рэпрэсіяў.
Украіна
Дзе: Львоў, тэатр лялек (ніжняя зала), пл. Данілы Галіцкага, 1
Калі: 30 кастрычніка, 19.00 па мясцовым часе.
Што: чытанні вершаў расстраляных паэтаў.
Чэхія
Дзе: Прага, Božská Lahvice, Bílkova 122/6,
Калі: 29 кастрычніка, 19.00 па мясцовым часе.
Што: аповед пра беларускіх пісьменнікаў – ахвяраў сталінскіх
рэпрэсіяў, чытанне вершаў.
Грузія
Тбілісі
Дзе:
Writers’ House, 13 Ivane Machabeli St.
Калі: 29 кастрычніка, 18.00 па мясцовым часе.
Што: онлайн-лекцыя Ганны Севярынец «Непаслухмяныя дзеці
Кастрычніка» пра літаратараў 1920-х — 1930-х гадоў; прэзентацыя выставы, прысвечанай
грузінскім рэпрэсаваным пісьменнікам, аўтарка выставы —Ніно Бекішвілі. Чытанне
вершаў. Будзе працаваць «адкрыты мікрафон».
Батумі
Дзе: ля помніка на вул. Мелікішвілі, 21
Калі: 29 кастрычніка, 20.00 па мясцовым часе.
Што: чытанні вершаў расстраляных паэтаў. У акцыі прымуць
удзел таксама грузінскія і ўкраінскія паэты.
Германія
Брэмен
Дзе: зала гарадской бібліятэкі, Am Wall 201
Калі: 29 кастрычніка, 14.00 — 17.30 па мясцовым часе.
Што: дыскусіі, чытанні вершаў на беларускай мове з нямецкім
перакладам, беларускі канцэрт, выстава «Палітвязні ў Беларусі», «кніжны стол» з
падборкай беларускіх кніг у перакладзе на нямецкую мову.
Мангейм
Дзе: царква святога Пятра, Augartenstraße, 94.
Калі: 29 кастрычніка, 18.00 па мясцовым часе.
Што: жалобная імша па беларусах — ахвярах сталінскіх
рэпрэсіяў, якую правядзе святар украінскай грэка-каталіцкай царквы айцец
Андрый. Імша будзе на ўкраінскай мове.
Эстонія
Дзе: Талін, Vaba Lava у Telliskivi.
Калі: 29 кастрычніка, 16.00 па мясцовым часе.
Што: чытанне вершаў беларускіх аўтараў, у тым ліку — у перакладзе на эстонскую і ўкраінскую мовы. У праграме таксама маленькія падарункі для ўдзельнікаў — «дробязі, якія сагрэюць сэрца».
Вялікабрытанія
Дзе: Лондан, Скарынаўская бібліятэка, 37 Holden Road.
Калі: 29 кастрычніка, 18.00 па мясцовым часе.
Што: У першай частцы імпрэзы — чытанні вершаў і спевы песняў
на словы вершаў паэтаў — ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. У другой частцы вечара
ўдзельнікі запаляць свечкі і памоляцца за ўсіх ахвяраў рэпрэсіяў у беларускай
царкве Святога Кірылы. У мерапрыемстве прыме ўдзел паэтка Ганна Комар.
ЗША
Дзе: Бостан, West Newton Cinema, 1296 Washington St, West Newton, MA 02465.
Калі: 29 кастрычніка, 17.00 — 20.00 па мясцовым часе.
Што: чытанне вершаў, прагляд відэаспектаклю «Купалаўцаў»
«DZIADY» па Адаму Міцкевічу.
Канада
Дзе: Zoom-сустрэча па спасылцы.
Калі: 29 кастрычніка, 20.00 па канадскім часе (03.00 па
Мінску).
Што: анлайн-чытанні вершаў паэтаў – ахвяраў сталінскіх
рэпрэсіяў.
Ізраіль
Дзе: Ашкелон, Сквер Міхоэлса, мемарыял памяці Саламона Міхоэлса, Веньяміна Зускіна і актораў Маскоўскага Габрэйскага Тэатру.
Калі: 29 кастрычніка, 20.00 па мясцовым часе
Для беларусаў у Беларусі пройдуць мерапрыемствы анлайн.