Орхускі цэнтр у Гродне нарэшце адкрыўся

Першы рэгіянальны Орхускі цэнтр афіцыйна пачаў дзейнічаць з 16 лістапада ў будынку Гродзенскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. В.а. старшыні камітэта Вадзім Палякоў упэўнены, што цэнтр здыме частку нагрузкі з Мінпрыроды.



ge1.jpg

Цэнтр створаны ў рамках рэалізацыі сумеснага праекта Еўрапейскага Саюза і Праграмы развіцця ААН “Садзейнічанне развіццю ўсёабдымнай структуры міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне аховы навакольнага асяроддзя ў Рэспубліцы Беларусь.

На адкрыцці прысутнічалі прадстаўнікі Мінпрыроды, Гродзенскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Аблвыканкама, ПРААН/ААН, Прадстаўніцтва ЕС у Рэспубліцы Беларусь.

Па словах каардынатаркі праекта Наталлі Губскай, цэнтр будзе садзейнічаць распаўсюджванню інфармацыі аб заканадаўстве Беларусі і літаратуры па пытаннях, што тычацца аховы навакольнага асяроддзя. На базе цэнтра сфарміраваны бібліятэчны фонд, дзе кожны жадаючы зможа атрымаць інфармацыю па пытаннях аховы навакольнага асяроддзя і рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў.

Таксама Орхускі цэнтр мае ўласную вэб-старонку, дзе размяшчаецца інфармацыя аб навінах, актуальных для Гродна і Гарадзеншчыны ў сферы рэалізацыі Орхускай канвенцыі.

Як заявіў намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Анатоль Ліс, выбар абласнога цэнтра абумоўлены найбольш аптымальнымі ўмовамі для яго размяшчэння. Гродзенскі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя прапанаваў размясціць цэнтр на базе прыродаахоўнай установы. Важным фактарам таксама з’явілася наяўнасць на тэрыторыі вобласці стратэгічных АЭС і ГЭС.

Адна з важных функцый цэнтра — распрацоўваць і ўносіць у дзяржаўныя органы прапановы па забеспячэнні ўдзелу грамадскасці ў працэсе прыняцця рашэнняў і доступу да правасуддзя па пытаннях, што тычацца навакольнага асяроддзя.

ge2.jpg

На базе цэнтра плануецца праводзіць прэзентацыі, семінары, круглыя сталы і трэнінгі па пытаннях выканання праграм і праектаў, звязаных з рэалізацыяй Орхускай канвенцыі ў Беларусі.

Што тычыцца прыняцця спецыялістамі Орхускага цэнтра ўдзелу ў кантролі за выкананнем экалагічнага заканадаўства, то такой функцыі цэнтр не мае. Як сказаў в.а. старшыні гродзенскага камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Вадзім Палякоў, такімі паўнамоцтвамі надзелены толькі Камітэт:

“Калі чалавек пацярпеў ад нейкага негатыўнага ўздзеяння, у цэнтры раскажуць, куды трэба звярнуцца. Функцыі цэнтра больш інфармацыйныя і азнаямляльныя. Акрамя прыватных асоб звярнуцца ў цэнтр могуць і юрыдычныя асобы. Кансультанты дадуць разгорнутыя адказы і можа быць ужо не трэба будзе звяртацца ў Камітэт. У пэўнай ступені Орхускі цэнтр цяпер здыме нагрузку з міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Па словах прадстаўніка ЕС Ллевеліна Эдвардса, праект Еўрапейскага Саюза і ПРААН у Беларусі не заканчваецца на стварэнні Орхускага цэнтра. Еўрасаюз збіраецца яшчэ заключыць з Мінпрыроды новае пагадненне вартасцю ў некалькі мільёнаў долараў.

У асноўным яно будзе датычыць мер па садзейнічанні і стварэнні “зялёнай эканомікі — дзейнасці, звязанай з вытворчасцю, размеркаваннем і спажываннем тавараў і паслуг, якія павінны прывесці да павышэння дабрабыту насельніцтва, пры гэтым не падвяргаючы яго экалагічным рызыкам.

ge3.jpg

У Беларусі гэта другі цэнтр, створаны ў межах Орхускай канвенцыі, якая ўступіла ў сілу ў 2001 годзе. Першы цэнтр адкрыўся ў 2005 годзе ў Мінску на базе РУП “БелНДЦ “Экалогія.

Юлія Лыткіна, t-styl.info

Здымкі Вольгі Мілавай