Па году «хатняй хіміі» прысудзілі мінчукам за спалены дзяржаўны сцяг
Суд Першамайскага раёна Мінска 4 лютага вынес прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да маладых жыхароў Мінска Ангеліны Бібік і Мацвея Копача.
Першапачаткова іх вінавацілі адразу па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу: арт. 370 (Здзек з дзяржаўных сімвалаў) і ч. 2 арт 339 (Хуліганства, здзейсненае групай асоб).
У ходзе судовага следства пракурор Худаешка прапанаваў выключыць з абвінавачвання артыкул пра хуліганства, здзейсненае групай асоб, і пакінуць толькі здзек з дзяржаўнага сцяга (арт. 370 КК РБ). Урэшце ён запрасіў для Ангеліны Бібік і Мацвея Копача па аднаму году абмежавання волі без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу.
Як устаноўлена судом, абвінавачаныя — маладыя хлопец і дзяўчына — 7 лістапада 2020 года ўначы сарвалі разам з флагштокам на вуліцы Куйбышава дзяржаўны сцяг. Затым сталі яго таптаць нагамі, пляваць на яго, а на завяршэнне падпалілі сцяг з дапамогай гаручай вадкасці. Гэтыя дзеянні здымаліся на мабільныя тэлефоны іх знаёмымі.
У ходзе судовага следства выявілася, што абвінавачаныя не падпісвалі некаторыя пратаколы допыту, а іх подпісы там стаяць. Абарона мае намер абскардзіць падробку подпісаў.
Была нанесеная матэрыяльная шкода ЖРЭА Савецкага раёна г. Мінска. Абвінавачаныя выплацілі яе па 39 рублёў 78 капеек кожны.
Суддзя Таццяна Ліннік агучыла прысуд: Мацвею Копачу і Ангеліне Бібік па аднаму году абмежавання волі без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу (хатняя хімія).
Неўзабаве яны павінны стаць на ўлік у крымінальна-выканаўчай інспекцыі, дзе ім будуць прызначаныя абмежаванні па выкананні пакарання.
Паводле spring96.org