Пад Варшавай загінуў стваральнік прыватнага музея ў Навагрудку, палітуцякач Сяргей Лаўрушчык
Каля польскай сталіцы ў дарожна-транспартным здарэнні загінуў 59-гадовы Сяргей Лаўрушчык. Ён быў стваральнікам прыватнага музея ў Навагрудку.
Пасля пераследу міліцыі Сяргей мусіў уцякаць з Беларусі. Спачатку быў у Кіеве, затым перабраўся ў Варшаву. Там уладкаваўся на працу.
Сяргей Лаўрушчык шэсць гадоў ствараў прыватны музей. Пакоі свайго дома ён адвёў пад розныя эпохі — ад ВКЛ да БССР. Праз актыўны ўдзел у пратэстах да яго прыйшла міліцыя — у яго Дзень нараджэння, 23 сакавіка 2021 года. Экспанаты прызналі зброяй, гаспадара дома — амаль злачынцам.
Варшаўскае выданне піша, што здарэнне адбылося каля 11 гадзіны 16 лютага. Сутыкнуліся два грузавікі і адзін мікрааўтобус.
Паводле папярэдняй інфармацыі, кіроўца мікрааўтобуса ўрэзаўся ў заднюю частку паўпрычэпа грузавіка. На мікрааўтобус наехаў яшчэ адзін грузавік. У выніку ДТЗ загінуў кіроўца маршруткі. Гэта быў Сяргей Лаўрушчык.
У Беларусі ў Сяргея засталася сям’я. Цяпер вырашаецца пытанне аб пахаванні.