Польская пракуратура пачала праверку па ДТЗ, у якім загінуў палітуцякач Сяргей Лаўрушчык
Польская пракуратура распачала праверку па дарожна-транспартным здарэнні, у якім пад Варшавай загінуў палітуцякач, стваральнік прыватнага музея ў Навагрудку, Сяргей Лаўрушчык.

ДТЗ здарылася 16 лютага, у ім удзельнічалі дзве фуры і мікрааўтобус. Пацярпелі два чалавекі.
Пра смерць Сяргея паведамілі адразу, але ўрачам удалося яго рэаніміраваць, аднак жывым да лякарні яго не давезлі.
Цяпер пракуратура распачала праверку па факце ДТЗ. Цела Сяргея Лаўрушчыка выдадуць не раней чым праз два-тры тыдні.

Сяргей Лаўрушчык шэсць гадоў ствараў прыватны "Музей апошняга ліцвіна". Пакоі свайго дома ён адвёў пад розныя эпохі — ад ВКЛ да БССР. Праз актыўны ўдзел у пратэстах да яго прыйшла міліцыя — у яго дзень нараджэння, 23 сакавіка 2021 года. Экспанаты прызналі зброяй, гаспадара дома — амаль злачынцам.
Сябры збіраюць грошы на транспарціроўку цела дадому і дапамогу сям'і. У Сяргея Лаўрушчыка засталася жонка і сыны.