Паліне Шарэнда-Панасюк абвешчана папярэджанне ад камісіі па справах непаўнагадовых

У адміністрацыі Маскоўскага раёна Брэста завяршылася пасяджэнне камісіі па справах непаўнагадовых, куды запрасілі мясцовую актывістку і маці — Паліну Шарэнда-Панасюк. У склад камісіі ўвайшоў шэраг прадстаўнікоў дзяржаўных установаў і органаў.

img_6656_2.jpg

Само рашэнне агучыла намесніца старшыні згаданай камісіі Валянціна Зданевіч, паводле інфармацыі, якая паступіла ад РАУС Ленінскага раёна Брэста:

— Інфармацыя, якая паступіла ў камісію, гаворыць пра тое, што вы былі на несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і з вамі было непаўнагадовае дзіця. Знаходжанне дзяцей на такіх мерапрыемствах нясе непасрэдную пагрозу іх жыццю і здароўю. Калі ў нас праходзяць масавыя санкцыянаваныя мерапрыемствы, вядзецца ахова грамадскага парадку, знаходзяцца карэты хуткай дапамогі. Калі гэта несанкцыянаванае масавае мерапрыемства, не забяспечваецца ахова грамадскага парадку. Мы разглядаем гэтую інфармацыю і папярэджваем вас пра тое, што дзеці мусяць знаходзіцца ў бяспечных умовах. Таму мы вас папярэджваем.

 Паліна Шарэнда-Панасюк — як, зрэшты, і мясцовая праваабарончая супольнасць — расцэньвае гэтую сітуацыю як «палітычна матываваны ціск», як і мясцовая праваабарончая супольнасць.


Актывістка так пракаментавала рашэнне камісіі для тых, хто прыйшоў яе падтрымаць:

— Вы пабывалі на гэтым цырку на дроце, вы пабачылі блазанаў. Вы пабачылі іх пазіцыю, як яны трактуюць народ. Сапраўды, хутка нельга будзе з дзіцём выйсці ў кавярню, краму, на вуліцу, бо побач можа быць мітынг. Любы збор людзей — несанкцыянаваны. Таму пасыл такі — сядзіце з дзецьмі дома, нікуды не лезьце.

Гэта не першы падобны выпадак у Беларусі, звязаны з бацькамі — удзельнікамі акцыяў пратэсту супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў.




Берасцейцы выказалі салідарнасць з актывісткай і маці Палінай Шарэнда-Панасюк. Каля 40 чалавек прыйшлі падтрымаць яе на пасяджэнні камісіі па справах непаўнагадовых, паведамляе «Радыё Рацыя»:

— Акцыі салідарнасці ці ўвогуле ў нядзелю выходзілі прагуляцца па сваім горадзе, і хто-небудзь даведаўся пра гэты момант, і даносяць пасля ў школу ці ў іншыя ўстановы адукацыі, што бацькі прымалі ўдзел у мірных публічных акцыях. І праз установы адукацыі даносяць да адказных структураў, якія займаюцца апекай, і выклікаюць бацькоў на такія камісіі.

— Цяпер яны не выбіраюць сродкі. Не важна — праз дзяцей, праз бацькоў, абы напалохаць. Нават такая невялікая колькасць людзей усё роўна раздражняе, бо яны выглядваюць з вокнаў — і страх у іх у вачах, а не ў нас.

Пасля завяршэння пасяджэння камісіі Паліна Шарэнда-Панасюк падзякавала прысутным за падтрымку.

img_6661_1.jpg

Беларускае Радыё Рацыя