Палітвязень Дзмітрый Кулакоў збег з «хіміі» і з'ехаў з Беларусі

Дзмітрыя асудзілі на тры з паловай гады «хіміі» за тое, што ён абражаў і пагражаў гвалтам супрацоўнікам міліцыі ў тэлеграм-чаце.

kulakou_dzmitry.jpg


Дзмітрый Кулакоў — жыхар Шуміліна, бацька дваіх малагадовых дзяцей.

Згодна з абвінавачваннем, у жніўні ён абражаў і пагражаў гвалтам супрацоўнікам міліцыі ў суполцы аднаго з мэсэнджэраў «Лепель для жыцця». Дзве з трох экспертыз паведамлення Кулакова ў мэсэнджары паказалі, што пагроз і абразаў у іх не было, і толькі трэцяя экспертыза прызнала, што пагроза прысутнічала.

Дзяржабвінаваўца запытваў шэсць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Ён адзначыў, што дзеянні абвінавачанага падрываюць аўтарытэт улады і перашкаджаюць яе працы. «Я здзяйсняў розныя ўчынкі ў сваім жыцці, але не хацеў абразіць маёра Патоцкага, — сказаў Дзмітры Кулакоў у апошнім слове. — У мяне сям’я: праз гэтыя шэсць гадоў малодшае дзіця нават не ўспомніць мяне».

Суд даў яму 3,5 гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу. Кулакоў адбываў пакаранне ў папраўчай установе адкрытага тыпу №17 у Шклове.

Па інфармацыі праваабаронцаў, Дзмітрый збег з папраўчай установы і пакінуў межы Беларусі.