Палітвязень Мікола Дзядок змешчаны ў карцэр на сем сутак

Палітвязню Міколу Дзядку было вынесенае спагнанне ў СІЗА-1 г. Мінска за "міжкамерную сувязь". Пра гэта стала вядома ПЦ «Вясна». З 8 снежня яго змясцілі ў карцэр тэрмінам на сем сутак. 

Мікалай Дзядок. Фота spring96.org

Мікалай Дзядок. Фота spring96.org


Гэта азначае, што ўвесь гэты час ён будзе знаходзіцца ў адзіночнай маленькай камеры без лістоў і кніг.

Таксама вядома, што 9 снежня суд Партызанскага раёна г. Мінска разгледзеў скаргу абаронцы Міколы Дзядка на пастанову аб прымяненні да яго меры стрымання ў выглядзе змяшчэння пад варту. Відавочна, што суддзя Мікалай Ліпневіч адмовіў у задавальненні скаргі, бо палітзняволены застаецца ў СІЗА.


Нагадаем, блогера і актывіста анархісцкага руху Міколу Дзядка затрымалі і моцна збілі 12 лістапада супрацоўнікі ГУБАЗіК у пасёлку Сасновы Асіповіцкага раёна. Паводле звестак МУС, дома ў блогера знайшлі замежныя банкаўскія аплатныя карткі і буйныя сумы грошай у рознай валюце, «прызначаныя для фінансавання ўдзельнікаў пратэстаў», а таксама «шкляныя бутэлькі з гаруча-змазачнымі матэрыяламі (кактэйлі Молатава), улёткі, налепкі». Таксама пасля затрымання блогера быў узламаны яго Telegram-канал "Mikola", дзе налічвалася каля 15 тысяч падпісчыкаў. Цяпер ён знаходзіцца пад кантролем сілавікоў.

Міколу Дзядку прад'явілі абвінавачванне па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса — арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх. Сам актывіст не прызнае сябе вінаватым.


Падтрымаць палітвязня можна лістамі, ён атрымае іх пасля выхаду з карцара. Адрас: СІЗА-1, вул. Валадарскага, 2, г. Мінск, 220030, Дзядку Мікалаю Аляксандравічу.