Родных палітвязняў запрашаюць далучацца да ініцыятывы «Вызваленне-2020»

Праваабаронцы заклікаюць усіх тых, каму не абякавы лёс палітвязняў, аб'яднацца.

marafonsalidarnasci.jpg


Заканчваецца няпросты 2020-ы год, вельмі хацелася б, каб разам з ім мінулі ўсе тыя цяжкасці, якія ён прынёс як у сусветным, так і ў нацыянальным маштабе. Хочацца, вядома, так! Толькі мы таксама не мусім сядзець склаўшы рукі, спадзяючыся на навагоднія цуды. Літаральна праз пару тыдняў — Каляды і сустрэча Новага году, заўсёды чаканыя, любімыя святы. Але не ўсе сем’і гэтыя дні змогуць правесці разам: колькасць беларускіх палітвязняў і арыштаваных па крымінальных палітычна матываваных справах сёння, як ніколі ў найноўшай гісторыі Беларусі, вялічэзная.

Шмат жадаючых павіншаваць саміх зняволеных, іх родных з надыходзячымі святамі, дапамагчы неабходным. Таксама беларускія дыяспары з розных краін шукаюць магчымасць зрабіць падарункі дзецям палітвязняў, звяртаюцца да праваабаронцаў з просьбай адшукаць іх кантакты і падзяліцца інфармацыяй.

У кастрычніку сваякі палітвязняў ініцыявалі і стварылі агульную суполку “Вызваленне-2020”, якая дазваляе наладзіць камунікацыі паміж сабой, каб абмяркоўваць розныя актуальныя праблемы і пытанні, дапамагаць адзін аднаму, а галоўная мэта — накіраваць сумесныя высілкі дзеля вызвалення ўсіх тых, хто апынуўся за кратамі за свае палітычныя погляды.

Удзельнікі суполкі заклікаюць родных далучацца да ініцыятывы: гэта можна зрабіць праз Telegram-бот @viazni2020_bot, паведаміўшы прозвішча вашага зняволенага, альбо электронную пошту viazni2020@gmail.com.

Сярод самых бліжэйшых планаў – наступная сустрэча за кубачкам гарбаты, правядзенне акцыі “Павіншуй палітвязня” і ўручэнне падарункаў дзецям зняволеных.