Палітвязень Руслан Парфёнаў адзначае Дзень народзінаў за кратамі
Палітвязню з Мазыра, актывісту каманды «Краіны для жыцця» сёння спаўняецца 41 год. Суд над ім праходзіць у закрытым рэжыме, Руслан застаецца пад вартай.
Руслан Уладзіміравіч Парфёнаў — сябра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай з Мазыра.
19 жніўня, праз суткі пасля таго, як Руслан выйшаў з 10-суткавага арышту за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, ён быў затрыманы зноў у межах крымінальнай справы аб «масавых беспарадках». З Мазыра мужчыну перавезлі ў Мінск.
Падчас першага яго арышту па БТ і АНТ пра яго паказвалі сюжэты, што ён нібыта рабіў «вожыкаў», каб спыняць тэхніку міліцыі. Але ў кадры паказалі не Руслана, а зусім іншага мужчыну.
Утрымліваўся ў СІЗА-1 Мінска. Перад судом, прызначаным на 19 студзеня, быў этапаваны ў СІЗА Гомеля.
Суд над Русланам Парфёнавым, які праходзіў у Мазыры, зрабілі закрытым, не патлумачыўшы прычын. 2 лютага адбылося другое пасяджэнне. Праваабаронцам удалося даведацца, што Руслан трымаецца бадзёра і перадаў усім, хто не спыніў змагання за свабоду, сваю падтрымку і зычэнні не ўпадаць у адчай.
Мы таксама зычым Руслану захоўваць бадзёрасць духу, верыць у лепшае і, канешне, як мага хутчэй выйсці на волю, каб будаваць новую Беларусь.
Руслана Парфёнава можна павіншаваць, напісаўшы яму на адрас: СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А.