Палітвязню Арцёму Касакоўскаму, асуджанаму да пяці гадоў калоніі, дадалі яшчэ 1,5 года зняволення

У судзе Лідскага раёна па новай крымінальнай справе асудзілі 23-гадовага палітвязня Арцёма Касакоўскага, які ўжо адбываў тэрмін у пяць гадоў зняволення па мінскай «справе чата» ў наваполацкай калоніі.

Арцём Касакоўскі

Арцём Касакоўскі

Цяпер яго абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыях пратэсту ў родным горадзе Ліда ў жніўні 2020 года па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: арт. 341 (апаганьванне або знішчэнне маёмасці), ч. 1 арт. 342 (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), арт. 364 (гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў). Справу разглядаў суддзя Аляксандр Мішураў.
19 траўня Арцёма Касакоўскага пачалі судзіць за ўдзел у акцыях пратэсту ў жніўні 2020 года ў Лідзе. Раней лідчаніна аштрафоўвалі па арт. 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). Цяпер па тых падзеях яму выставілі абвінавачанне па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: арт. 341 (апаганьванне або знішчэнне маёмасці), ч. 1 арт. 342 (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), арт. 364 (гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў). Галоўны доказ віны па справе — відэа ў ютубе, але на ім Арцёма знайсці цяжка. Вядома, што на мітынгу ў Лідзе супраць пратэстоўцаў таксама выкарыстоўваліся для разгону светлашумавыя гранаты і стралялі.
Як распавядае маці палітвязня, пасля затрымання Арцёма 27 верасня 2020 года, да яго прыязджаў следчы з Ліды, але тады хлопец быў у якасці сведкі і адмовіўся ад дачы паказанняў.
Аднак у студзені 2022 года, калі палітвязень ужо адбываў пакаранне ў наваполацкай калоніі, да Арцёма зноў прыязджаў следчы — цяпер палітвязню надалі статус абвінавачанага.
«Арцём даў нейкія паказанні, сказаў: «Хай за ўсё даюць тэрмін, адразу ўсё адседжу, чым потым выйду і зноў давядзецца праз усё гэта прайсці», — распавяла маці палітвязня Святлана.
Віну Арцём прызнаў, але растлумачыў, што на прыпынках маляваў БЧБ-сцягі, каб «людзі не забывалі».
«Вядома, ён не чакаў, што запросяць тэрмін, прама збялеў, калі абвінаваўца заявіў. Але выгляду не падаў».
У выніку, суддзя Аляксандр Мішураў асудзіў Арцёма па новай крымінальнай справе да 1,5 года калоніі. Менавіта такое пакаранне прасіў пракурор. Агулам, 23-гадовы палітвязень асуджаны да шасці з паловай гадоў зняволення.
Акрамя гэтага, як распавяла маці палітвязня, каледж, у якім вучыўся Арцём, патрабуе пакрыць сродкі, выдаткаваныя на яго навучанне, бо не адпрацаваў два гады. Да затрымання хлопец працаваў на заводзе «Оптык».
«Сын вучыўся на павышаную стыпендыю, быў прафоргам групы, усюды на добрым рахунку. На судзе зачытвалі характарыстыку з месца працы, вельмі добра адгукаюцца аб ім», — распавяла маці Арцёма.


Арцём плануе падаваць на прысуд апеляцыйную скаргу.
30 красавіка Арцём сустрэўся з маці ў турме:
«Арцём трымаецца малайцом. Настроены адбываць тэрмін цалкам…»
14 чэрвеня палітвязню спаўняецца 24 гады — гэта другі Дзень народзінаў Арцёма ў зняволенні.
Нагадаем, 19 ліпеня 2021 года яго асудзілі яшчэ з дзевяццю палітвязнямі па ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса да пяці гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, якія яго накіравалі адбываць у наваполацкую калонію №1.
Падтрымайце Арцёма лістамі, грашовымі пераводамі і пасылкамі:Турма №1, 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1
Арцём Ігаравіч Касакоўскі
Рэквізіты для грашовага пераводу:
УНП: 590003691
BIC: BAPBBY2X
IBAN: BY81BAPB36429050005540000000