Палітзняволенаму журналісту Алегу Груздзіловічу выставілі абвінавачанне

Яму ставяць у віну ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, калі яго, як журналіста, ужо пазбавілі акрэдытацыі МЗС Беларусі, пішуць праваабаронцы.

Алег Груздзіловіч

Алег Груздзіловіч

Па інфармацыі Свабоды, журналіст сказаў следчаму, што віны за сабой не прызнае: ён не прымаў удзелу ў акцыі, а быў на ёй журналістам, вёў адтуль рэпартаж і хоць ужо не меў акрэдытацыі, але на той момант быў пазаштатным супрацоўнікам газеты «Народная воля».


Сёлета ў першы раз Алега Груздзіловіча разам з Інэсай Студзінскай і Алесем Дашчынскім затрымалі 16 ліпеня. У рэдакцыі Свабоды правялі вобшук, офіс быў узламаны. Цягам дзесяці дзён іх усіх адпусцілі.
Груздзіловіч тады адмовіўся даваць паказанні. Пры вызваленні ён даў падпіску аб яўцы. Тры дні мужчына галадаў за кратамі на знак пратэсту супраць затрымання і салідарнасці з Інай Студзінскай, якая галадала 9 дзён, з патрабаваннем дапусціць да яе адваката.
За кратамі ўжо амаль месяц знаходзіцца фрылансер Свабоды Андрэй Кузнечык, на яго завялі крымінальную справу. Блогер і кансультант Радыё Свабода Ігар Лосік ужо паўтара года ў зняволенні. Яго асудзілі на 15 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
23 снежня стала вядома, што беларускія сілавікі прызналі Радыё Свабода «экстрэмісцкім фарміраваннем».