Палітзняволеных у Жлобіне дапытваюць у межах новай крымінальнай справы

Палітзняволеных жлобінцаў, якія адбываюць тэрміны ў калоніях, дапытваюць у межах крымінальнай справы за абразлівыя каментары.

tyurma600.jpg

Па інфармацыі праваабаронцаў, за апошні час следчыя ў папраўчых калоніях дапыталі ўжо трох жлобінцаў у межах крымінальнай справы за абразлівыя каментары ў інтэрнэце. Супраць аднаго з іх — Сяргея Бекарэвіча  — ужо распачалі новую справу, але пакуль невядома, паводле якога артыкула.
Паведамляецца, што следчыя прыходзілі да Дзяніса Давыдуліна і Яўгена Дамарацкага. Прычынай для допыту сталі нейкія зняважлівыя каментарыі ў сацыяльных сетках. Давыдулін адказаў следчаму, што ўжо больш за год знаходзіцца ў зняволенні, дадому тэлефануе раз на 2 месяцы, і, знаходзячыся ў калоніі, не мог нікога абразіць у сацсетках.
Дамарацкага дапытвалі ў якасці сведкі, які нібыта бачыў нейкі каментарый у адным з тг-каналаў. Яўген адказаў, што не звяртае на такое ўвагу. Затым у яго запыталі, ці пісаў ён сам зняважлівыя каментарыі адносна нейкага жлобінскага суддзі. Акрамя гэтага яму прапанавалі падпісаць яўку з павіннай, на што Дамарацкі даў адмоўны адказ.