Пасля стыхійнай забастоўкі на Маладзечанскім заводзе металаканструкцый работнікам пачалі выплачваць зарплату за красавік

Але не ўсім і не ўсю.



ai_154960_aux_head_20150610_zavod_metallokonstrukciy_molodechnko_360.jpg

Нагадаем, 8 чэрвеня на прадпрыемстве ўспыхнула стыхійная забастоўка з-за затрымкі зарплаты. На наступны дзень у інтэрнэт быў выкладзены відэазапіс сустрэчы рабочых з прадстаўнікамі заводскай адміністрацыі. Апошнія растлумачылі праблемы зніжэннем вытворчасці, даўгамі завода па электраэнергіі і іншых выплатах. 
Тым не менш намеснік гендырэктара па камерцыі і эканамічных пытаннях Дзмітрый Купрыянаў паабяцаў людзям выплаціць зарплаты на працягу гэтага тыдня. "З заўтрашняга дня аддаю пакрысе, калі не аддам — кладу заяву (аб звальненні. — БелаПАН.)", — сказаў ён. 
Да вечара 11 чэрвеня некаторым работнікам прадпрыемства было пералічана 50% запазычанасці па зарплаце.
"Палову красавіцкай зарплаты аддалі рабочым асноўнай вытворчасці, — сказаў БелаПАН газарэзчык прадпрыемства Дзмітрый Ваховіч. — Пры гэтым, наколькі мне вядома, ніякіх грошай пакуль не атрымалі электрыкі, слесары, гардэробшчыкі, бухгалтары, тэхнолагі".
Паводле слоў Ваховіча, 50% — гэта ў сярэднім каля 1 мільёна 500 тысяч рублёў. Сам Дзмітрый атрымаў 1 мільён 600 тысяч.
Што да абяцання выплаціць грошы да канца тыдня (12 чэрвеня), то, верагодней за ўсё, выканаць яго не ўдасца. "Адзін з прадстаўнікоў адміністрацыі, якога я не хачу называць, сказаў мне, што грошай сёння не будзе", — сказаў Ваховіч.
Цяпер завод працуе, але не выключана, што калі з людзьмі не разлічацца, у панядзелак адбудзецца яшчэ адна забастоўка. "Работнікі цяпер раздзяліліся на дзве групы: адна з іх настроена працягваць працу, другая — баставаць", — паведаміў Ваховіч.
"Мы "прыраслі" да свайго прадпрыемства. Асабіста я гатовы працаваць далей. Але ўгаворваць кагосьці і схіляць на свой бок не буду — гэта марна", — лічыць Дзмітрый.
Паводле яго слоў, цяпер на заводзе з`явіўся метал, з пастаўкай якога былі праблемы, значыць, ёсць з чым працаваць. 
Намеснік гендырэктара Купрыянаў заяву аб звальненні пакуль не напісаў. Ён заявіў БелаПАН, што сітуацыя знаходзіцца пад кантролем, і назваў праблемы з нявыплатай зарплаты "ўсяго толькі рабочымі момантамі".
Намеснік генеральнага дырэктара прадпрыемства па ідэалагічнай рабоце і агульных пытаннях Аляксандр Саўчыц, у сваю чаргу, параіў журналістам "не выносіць смецце з хаты", а лепш дапамагчы вярнуць грошы, якія запазычыў маладзечанскаму заводу смаргонскі будаўніча-мантажны трэст № 41. Паводле слоў Саўчыца, трэст вінаваты 3 мільярды 980 мільёнаў рублёў. "Бюджэт зарплаты за красавік у нас 3 мільярды 130 мільёнаў. Мы звярталіся па дапамогу запатрабаваць доўг нават да старшыні Гродзенскага аблвыканкама, але пакуль усё дарэмна", — сказаў намеснік гендырэктара.