«Пасля таго, як вы падтрымаеце прысваенне ліцэю імя Дзяржынскага, ці будзеце вы гатовыя прысвоіць універсітэту імя Сталіна?»

Таццяна Шчытцова, дарадца Святланы Ціханоўскай, звярнулася да рэктара БДУ Андрэя Караля.

Ліцэй БДУ. Фота: wikipedia.org

Ліцэй БДУ. Фота: wikipedia.org

«Ва ўсіх сэнсах надзвычайным» назвала прапанову прысвоіць ліцэю БДУ імя Фелікса Дзяржынскага дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі Таццяна Шчытцова.

Паводле яе слоў, гэтая ініцыятыва сведчыць пра намер уладаў «узмацняць неататалітарную ідэалогію ў адукацыі і падпарадкоўваць усе адукацыйныя інстытуты інтарэсам сек'юрызацыі», піша «Позірк».

«Вельмі паказальна, што імя заснавальніка ВЧК прапануецца прысвоіць менавіта ліцэю БДУ. Да 2020 года ліцэй заставаўся самай перадавой навучальнай установай краіны — у тым ліку таму, што быў самым свабодным ад кантролю розных дзяржінстанцый», — адзначыла Шчытцова.

«Шматгадовая атмасфера інтэлектуальнай свабоды, крэатыўнасці і ўзаемнай павагі паміж ліцэістамі, выкладчыкамі і адміністрацыяй», падкрэсліла яна, зрабіла гэтую навучальную ўстанову «сапраўды ўнікальнай».

«Каб пакласці канец гэтай традыцыі, у ліцэі пасля 2020-га паслядоўна звальнялі педагогаў, некалькі разоў мянялі кіраўнікоў, пакуль, нарэшце, не знайшлі "жалезнае рашэнне" — прызначыць дырэктара з чэкісцкім бэкграўндам», — сказала дарадца Ціханоўскай.


Глядзіце таксама

Такім чынам, на яе думку, рэжым шле цынічна-катэгарычны мэсэдж: «Тое, што раней асацыявалася са свабодай, цяпер будзе асацыявацца з заснавальнікам ВЧК». «А значыць, і з інстытуцыяй, якая паклала пачатак доўгай традыцыі арганізаванага дзяржаўнага тэрору ў СССР — ад ВЧК праз НКУС да КДБ, — удакладніла Шчытцова. — Адпаведна, гэта адначасова і мэсэдж падтрымкі цяперашнім органам бяспекі, у кабінетах якіх дагэтуль вісіць партрэт Фелікса Эдмундавіча».

«У тактычным плане ініцыятыва [дырэктара ліцэя Таццяны] Мамчыц, здаецца, мае цалкам пэўную практычную мэту — праверку на "жалезнасць" цяперашняга рэктара БДУ [Андрэя Караля]», — лічыць дарадца Ціханоўскай, бо яму трэба будзе разгледзець прапанову, у найлепшых традыцыях КДБ аформленую ў выглядзе «калектыўнага звароту».

«Мяркую, гэта сур'ёзны маральны выклік для доктара педагагічных навук, чалавека, які вывучаў і прасоўваў дыялагічны метад у навучанні і які 14 жніўня 2020 года паабяцаў не адлічваць студэнтаў і не звальняць выкладчыкаў за ўдзел у пратэсных акцыях. З тых часоў Кароль праходзіць складаныя этапы прарэжымнай загартоўкі. Што ж, менавіта так гартуецца "чэкісцкая сталь", а надзвычайнае становішча заўсёды патрабуе надзвычайных мер», — сказала Шчытцова.

«Пасля таго, як вы падтрымаеце прысваенне ліцэю імя Дзяржынскага, ці будзеце вы гатовыя прысвоіць універсітэту імя Сталіна?» — задала «паважанаму спадару рэктару» «чыста тэарэтычнае пытанне» дарадца дэмлідаркі.

14 сакавіка на сустрэчы з кіраўніцтвам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта дырэктар Ліцэя БДУ Таццяна Мамчыц перадала рэктару БДУ Андрэю Каралю калектыўны зварот супрацоўнікаў ліцэя з прапановай прысвоіць навучальнай установе імя «выбітнага ўраджэнца беларускай зямлі» Фелікса Дзяржынскага.

Мамчыц заняла пасаду дырэктара адной з самых прэстыжных сярэдніх навучальных устаноў Беларусі ў верасні 2023 года. Паводле звестак незалежных СМІ, раней яна працавала ў Інстытуце нацыянальнай бяспекі, які рыхтуе кадры для КДБ.

Глядзіце таксама

У Ліцэі БДУ дзеці вучацца ў 10 і 11 класах, пры паступленні ва ўстанову з года ў год вельмі высокі конкурс.

У ліцэі навучаюцца па профілях. Маюцца гуманітарны («Беларуская філалогія»), філалагічны («Руская філалогія»), гісторыка-грамадазнаўчы, грамадазнаўчы, эканамічны, геаграфічны, біялагічны, хімічны, матэматычны, інфарматыка-матэматычны, інфарматыка-фізічны, фізічны профілі.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, у гэтай навучальнай установе павінен быў пачаць вучыцца ў 2020 годзе малодшы сын Аляксандра Лукашэнкі Мікалай Лукашэнка пасля заканчэння 9 класаў Астрашыцкай сярэдняй школы. СМІ паведамлялі, што ён паспяхова здаў экзамены і быў залічаны на біялагічны профіль, аднак да заняткаў не прыступіў. Пазней стала вядома, што ён вучыўся ў закрытай прыватнай школе, а затым з'ехаў у Кітай атрымліваць вышэйшую адукацыю.

Фелікс Дзяржынскі (1877-1926) — ураджэнец Беларусі (Дзяржынава, Мінская вобласць). Заснавальнік Усерасійскай надзвычайнай камісіі, якая пасля ператваралася ў АДПУ, НКУС, КДБ.

Да кастрычніка 1917 года Дзяржынскага неаднаразова арыштоўвалі, агулам ён правёў 11 гадоў у турмах і на катарзе, дзе захварэў на сухоты.

Апублікаваныя лісты Дзяржынскага, у якіх ён тлумачыць сваю жорсткасць у дачыненні да ворагаў рэвалюцыі, за што атрымаў мянушку «Жалезны Фелікс».

Дзяржынскі прызнаваўся ў лістах жонцы, што «для многіх няма імя страшней», чым ён, называў сябе «салдатам рэвалюцыі».

У Беларусі ёсць горад Дзяржынск, які з'яўляецца раённым цэнтрам (Мінская вобласць). У Мінску яго імем названы праспект, помнік Дзяржынскаму ў сталіцы знаходзіцца ў скверы насупраць будынка КДБ.

У Дзяржынаве працуе музей-сядзіба яго сям'і.