Пасол Вялікабрытаніі: Паток нашых турыстаў у Беларусь мог бы значна павялічыцца

Паток брытанскіх турыстаў у Беларусь мог бы значна павялічыцца, калі б сюды прыйшла якая-небудзь брытанская авіякампанія-лаўкостар. Такое меркаванне выказала журналістам 7 чэрвеня пасол Вялікабрытаніі Фіёна Гіб падчас наведвання калектыўнага брытанскага стэнда на выставе «Белагра-2018».

fijona.jpg

«Я думаю, што ў Беларусі было б значна больш брытанскіх турыстаў, калі б сюды прыйшла недарагая брытанская авіякампанія. Але я не ўпэўненая, што „Белавія“ гатовая да гэтай канкурэнцыі. І тут ёсць над чым працаваць беларускай дзяржаве», — лічыць пасол.
Яна ўпэўненая, што «Белавія» хацела б рабіць больш рэйсаў у Лондан. «Мне здаецца, яны лічаць: бізнес-пасажыраў будзе дастаткова для таго, каб зрабіць яшчэ адзін рэйс. Не абавязкова, што яны будуць лятаць у Злучанае Каралеўства, можна выкарыстоўваць любы аэрапорт нашай краіны для транзіту ў Паўночную Амерыку і назад у кантынентальную Еўропу. Часта рэйсы ў Амстэрдам і Парыж перапоўненыя, і камусьці будзе зручна лятаць цераз Лондан», — заўважыла Гіб.
Летась 11 тыс. грамадзян Злучанага Каралеўства наведалі Беларусь, паведаміла яна. «Гэта статыстыка беларускага ўрада. Сюды ўваходзіць статыстыка выдадзеных у Лондане віз, а таксама тыя, хто сюды прыляцеў па бязвізавым рэжыме», — заўважыла пасол. Прыкметна ўзрасла колькасць брытанцаў, якія наведалі Беларусь па пяцідзённым бязвізавым рэжыме, павелічэнне склала некалькі тысяч чалавек у параўнанні з 2016 годам.
Дыпламат не прывяла статыстыку турысцкага патоку беларусаў у Вялікабрытанію. «Але я ведаю, што ў Варшаве вельмі шмат беларусаў спрабуюць атрымаць візу, таму што мы не выдаем візы ў Менску», — сказала пасол.
Паводле Радыё Рацыя