Патрыярх Кірыл кажа пра небяспеку праваслаўнага экстрэмізму

Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл на сустрэчы з прадстаўнікамі Моладзевай грамадскай палаты і Палаты маладых заканадаўцаў заявіў аб тым, што адну з прычынаў папулярнасці «Ісламскай дзяржавы» бачыць у рэлігійнай неадукаванасці мусульманаў.



kirill1.jpg

Фота з сайта krynica.info

«У ІДІЛ прымушаюць паверыць, што ўзброеная барацьба адкрывае дзверы раю, і частка людзей, асабліва недасведчаных, паддаецца на гэта», — сказаў Патрыярх, нагадаўшы, што экстрэмізм, які сілкуецца рэлігійнай матывацыяй, «заўсёды выкарыстоўвае рэлігійную неадукаванасць людзей», паведамляе sedmitza.ru.

Сітуацыю на Блізкім Усходзе іерарх назваў «страшным прыкладам выкарыстання рэлігійнага фактару ў самых непрыстойных мэтах». Панацэю ўладыка Кірыл бачыць у паўсюдным выкладанні асноваў рэлігіі ў школах — «не каб навярнуць ў веру, але каб даць ўяўленне дзіцяці аб тым, што такое вера».

Таксама ўладыка Кірыл заклапочаны магчымасцю ўзмацнення праваслаўных экстрэмісцкіх настрояў. «Нельга дапусціць з’яўлення экстрэмістаў, якія ў імя праваслаўя штурхалі бы людзей на міжусобную вайну», — кажа іерарх, указваючы на тое, што ўжо з’явіліся людзі, якія «кажуць, што цяпер трэба абараняцца ад мусульманаў».

Патрыярх Кірыл падкрэсліў, што «ў прыродзе ісламу не прысутнічае тэма знішчэння іншых людзей па рэлігійнай прыкмеце, асабліва хрысціянаў, так званых "людзей Кнігі" — тых, хто прымае Біблію як асноватворны рэлігійны тэкст».

krynica.info