Паўла Севярынца выклікаюць у Следчы камітэт
Сустаршыню аргкамітэта Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Паўла Севярынца выклікаюць у Следчы камітэт у справе нашумелага затрымання і збіцця сляпога інваліда 18 верасня ў Менску на станцыі метро “Уручча”.
21 верасня Павел Севярынец звярнуўся ў пракуратуру Першамайскага раёна Менску з патрабаваннем пакараць супрацоўнікаў міліцыі, і спаслаўся на вядомае відэа ў сеціве.
Адказ следчага па асабліва важных справах А.Г. Іўчанкі паведамляе, што ўжо 19 верасня Першамайскі раённы аддзел Следчага камітэту ўзбудзіў крымінальную справу, але не па факце супрацьпраўных
дзеянняў міліцыянтаў, а па ч. 2 арт 363 Крымінальнага кодэксу РБ (супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак).
Паўлу Севярынцу прапанавана прыбыць у Следчы камітэт для дачы паказанняў у якасці сведкі.
— Беззаконне як яно ёсць, у чыстым выглядзе — каментуе сустаршыня БХД, — замест пакарання гвалтаўніка караюць ахвяру. Бессаромныя дзеянні
супрацоўнікаў МУС ва ўсіх на слыху: то б’юць інвалідаў, то зневажаюць трэнера нацыянальнай зборнай, то ілжэсведчаць на футбольных заўзятараў, каб пакараць іх за шалікі з
“Пагоняй”. Калі мы будзем проста абурацца на кухнях, беспакаранасць штурхне “праваахоўнікаў” на новыя злачынствы. Трэба брацца і ўсім разам казаць
“праваахоўнікам” праўду ў твар.
Паводле прэс-службы БХД