Вярхоўны суд адмовіў у рэгістрацыі БХД
Вярхоўны суд 14 кастрычніка адмовіў у задавальненні скаргі аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” на адмову Мінюста зарэгістраваць партыю. БХД у судзе прадстаўлялі сустаршыня Віталь Рымашэўскі і каардынатар па Мінску Вольга Кавалькова.
“Адмова ў рэгістрацыі цалкам незаконная. Тое, што адбывалася ў судзе, ішло па загадзя напісаным сцэнары. Суд адхіліў усе нашы хадайніцтвы аб выкліку сведкаў, у тым ліку тых, на якія ціснулі мясцовыя органы ўлады і прымушалі адмовіцца ад подпісаў заснавальнікаў. Па сутнасці, рашэнне было падрыхтаванае яшчэ да пасяджэння”, — адзначыў Віталь Рымашэўскі.
Паводле яго, адмова ў задавальненні скаргі сведчыць, што ніякай лібералізацыі ў Беларусі няма. “Рэжым ужо зжынае першыя плады “лібералізацыі”. Працягваецца
масавае парушэнне правоў грамадзян Беларусі на дадзеную Канстытуцыяй свабоду асацыяцый і стварэння палітычных партый. Мы будзем інфармаваць пра гэта міжнародную супольнасць. Таксама звяртаемся да
грамадзян Беларусі з заклікам яднацца дзеля абароны сваіх інтарэсаў. Сёння факты сведчаць пра тое, што ні суды, ні пракуратура, ні іншыя бутафорскія органы ўлады не працуюць на абарону простых
людзей, але ў інтарэсах уладнай вярхушкі. Ніякіх базавых элементаў дэмакратыі ў Беларусі не існуе”, — падкрэсліў сустаршыня БХД.