Павел Латушка — сілавікам: Падумайце пра будучыню
Экс-кіраўнік Купалаўскага тэатра, сябра прэзідыума Каардынацыйнай рады апублікаваў у сваім тэлеграм-канале зварот да прадстаўнікоў сілавых структур.
Учора раніцай былы дыпламат запісаў наступны відэазварот:
«Мы ўсе жывем у розных гарадах адной краіны, на суседніх вуліцах, у адных дамах. Мы ходзім у адны і тыя ж крамы, нашы дзеці бавяць разам час на адных і тых жа дзіцячых пляцоўках. Нашы бацькі працуюць разам, сябруюць, цешацца нашым поспехам. Мы выраслі ў адных і тых жа ўмовах.
Але чаму вы цяпер збіваеце і хапаеце нас, бо многія з нас вашыя сябры, знаёмыя, сваякі, бацькі ў рэшце рэшт? Што для вас стала трыгерам таго, што вы цяпер іншыя?
Крэдытныя кватэры? Прэміі? Зарплаты? Жаданне атрымаць падвышэнне па службе праз боль і пакуты сотняў і тысяч мірных грамадзян?
Перамога ў любым выпадку будзе за народам, вы гэта добра разумееце. Падумайце пра будучыню. Многія вашыя камандзіры і генералы атрымаюць тэрміны, але ў вас яшчэ ёсць шанец стаць на бок дабра і ў хуткім часе разам з народам адсвяткаваць перамогу.
Мы не апазіцыя, мы большасць!»
Увечары Павел Латушка дадаў каментар да падзей учорашняга дня ў беларускіх гарадах:
«Кожнае жорсткае затрыманне мірных людзей, якія сталі на абарону сваёй пазіцыі, чарговая параза ўлады.
Бо немагчыма гвалтам забiць справядлiвасць. Таму што справядлівасць не на баку таго, у каго сіла, яна там, дзе праўда!»