Латушка і Кавалькова распавялі пра абставіны, якія вымусілі іх пакінуць краіну

Сябры Каардынацыйнай рады Павел Латушка і Вольга Кавалькова далі прэс-канферэнцыю 7 верасня ў Варшаве. Яны абрысавалі цяперашні стан у Беларусі і распавялі пра абставіны, у якіх былі вымушаны пакінуць тэрыторыю радзімы, перадае Белсат.

d8682cbd08ca8bf2faf13fc21f3f9112.jpg

Павел Латушка: Вось ужо 4 тыдні ў Беларусі штодзень затрымліваюць мірных грамадзян. У тым ліку жанчын і падлеткаў.
Учора Беларусь ускалыхнула яшчэ адна хваля жорсткіх затрыманняў. Людзі, якія хаваюць свае твары за маскамі і балаклавамі, у форме без апазнавальных знакаў, людзі ў цывільным, баязліва дачакаўшыся, пакуль большасць удзельнікаў маршу мірна разыдуцца па сваіх дамах, проста на вуліцы, у дварах, жорстка хапаюць нявінных.
Немагчыма глядзець, як невядомыя цягнуць за рукі і ногі жанчыну ў аўтазак. Як, уцякаючы, людзі скачуць у ваду, каб уратавацца. Чым можа быць небяспечны 12-гадовы хлопчык?
Увесь свет пабачыў беспрэцэдэнтную мірнасць простых беларусаў падчас пратэстаў. Прыбранае смецце і зняты абутак перад тым, як стаць на лаўку, каб было лепш відаць. Дапамога з вадой і ежай тым, хто знаходзіцца ў эпіцэнтры. Да ўчорашняга дня не было ніводнай разбітай вітрыны. Але і ўчора першыя пашкоджанні былі нанесеныя не мірнымі пратэстоўцамі, а ўзброенымі сілавікамі ў цывільным. Ці сапраўды вы змагаецеся з арганізаванай злачыннасцю? Ці не сталі вы самі ёй?
У эфіры тэлеканалу СТБ міністр унутраных спраў Юрый Караеў заявіў: «Больш гуманнай, вытрыманай і халаднакроўнай міліцыі няма нідзе ў свеце».
Раней эксперты ААН заявілі пра 450 задакументаваных выпадкаў катаванняў і жорсткага абыходжання з людзьмі, пазбаўленымі волі пасля «спрэчных прэзідэнцкіх выбараў» 9 жніўня, якія прывялі да масавых пратэстаў і арыштаў. Месцазнаходжанне і стан здароўя як найменей 6 чалавек застаецца невядомым.
Эксперты ААН атрымалі паведамленні пра гвалт у адносінах да жанчын і дзяцей, у тым ліку пра сексуальны гвалт і згвалтаванне гумовымі дубінкамі.
А насамрэч гэта тысячы людзей, жыццё якіх ужо не будзе ранейшым. Тысяч іх блізкіх і сяброў. Бацькі, дарослыя дзеці якіх цяпер баяцца спаць адны ў цемры. Беларусь ізноў на шляху, дзе пацярпеў кожны чацвёрты
На жаль, працягваюцца сфабрыкаваныя справы ў дачыненні бізнесоўцаў і актывістаў, дзясяткі крымінальных, тысячы адміністратыўных спраў супраць удзельнікаў мітынгаў і ноль справаў супраць сілавікоў, якія збіваюць, гвалтуюць і прыніжаюць людзей.
Фактычна, дзеянне права перапынена ў Беларусі, гэта датычна амаль усіх заканадаўчых актаў.
Суды проста штампуюць прысуды, сведкі не здымаюць маскі – гэта непрымальна. Беларусь не пускае сваіх грамадзян – я кажу пра мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча. Спачатку вывезлі Святлану Ціханоўскую, пару дзён таму выкінулі на мяжы Вольгу Кавалькову.
Мы даведаліся пра знікненне Марыі Калеснікавай. Зараз 4 сябра Каардынацыйнай рады за мяжой, 2 за кратамі. На волі толькі Максім Знак. Мы плануем узмацніць дзеянне рады, каб людзі, што выходзяць на вуліцы, не адчувалі сябе кінутымі. Мы патрабуем, каб рэпрэсіі былі спыненыя, каб палітвязні былі вызваленыя. Без гэтага новыя выбары не магчымы. Мы будзем падтрымліваць кантакты з ЕЗ, Расеяй, ЗША.
Вольга Кавалькова: Рада патрабуе законнасці. Паводле канстытуцыі ў кожнага грамадзяніна ёсць права на сход, права мець інфармацыю і быць абранымі ва ўрад. Тое, што зараз адбываецца ў Беларусі – цалкам недапушчальныя. Калі ўлады кажуць, што трэба падпарадкоўвацца патрабаванням міліцыі.
Але міліцыя не працуе паводле закона: не прадстаўляюцца, збіваюць людзей, нішчаць вокны.
Мы асуджаем і рэпрэсіі ў дачыненні да сябраў Рады. Мы не ведаем, дзе зараз Калеснікава. Я была вывезена беларускімі ўладамі, але хачу вярнуцца на радзіму. Гэта вываз адбыўся беззаконным чынам, як і недапушчэнне людзей, як Кандрусевіча, на радзіму.
Я ўдзячна за падтрымку ўсім. Без яе маё вызваленне было б немагчыма. Усе людзі, што вядуць рэпрэсіі, мусяць быць прыцягнутыя да адказнасці. А мы бачым, як людзі выходзяць на мірныя акцыі. А нейкая банда ў масках катуе людзей. Мы павінны разумець, хто і за што нас судзіць. Гэта рэпрэсіі за перакананні.
Я паважаю людзей з рознымі перакананнямі, нават калі яны падтрымліваюць Лукашэнку. Я іх паважаю, але патрабую законнасці для ўсіх грамадзян краіны.
Улады павінны пачуць народ, які патрабуе павагі да сябе. За гэта і змагаюцца беларусы. Бо тое, што адбываецца на Акрэсціна – недапушчальна. Калі нехта думае, што рада ініцыюе нейкія пратэсты, то гэта не так. Народ выходзіць таму, што правы людзей нікому не патрэбныя ўжо шмат гадоў. Людзі будуць патрабаваць павагі не ў залежнасці ад рэпрэсій, якія будуць ужывацца. Мы выкарыстоўваем толькі законныя шляхі. Мы патрабуем ад уладаў зменаў і разумення, што яны робяць. Іначай дыялог немагчымы.
Пытанне выкрадання мяне вельмі цяжкае для мяне. Спачатку заводзілі справы на сябраў рады. Пасля майго затрымання і 10 сутак у Жодзіна мяне перавялі на Акрэсціна, ноччу прыйшоў супрацоўнік Цэнтральнага РАУС, а палове на першую ён мяне пазнаёміў з новай справай, мне прысудзілі яшчэ 15 сутак.
Я кепска сябе адчувала, папрасіла выклікаць хуткую дапамогу, але замест хуткай прыйшлі з КДБ, сказалі, што мой арышт будзе працягвацца шмат разоў па 15 сутак і ніхто не можа мне гарантаваць бяспеку, ці мы вас вывозім за мяжу.
На мой пункт гледжання, гэтыя метады недапушчальныя, такі ціск на грамадзяніна. Мне далі паперу, што я павінна заплаціць за ўтрыманне на Акрэсціна. Мяне апранулі ў байку і маску, пасадзілі на задняе сядзенне. Я не ведала, у якім накірунку мы рухаемся. Потым прыехалі на мяжу. Мае рэчы былі ў супрацоўніка КДБ. Гэта ёсць на відэа, якое круцілі на БТ. Мне выдалі пашпарт і даведку, што я перахварэла на каронавірус, хаця я ніякага тэсту не праходзіла. Потым загадалі выклікаць таксоўку, каб мяне падвезлі да нейкага гораду. Гэта каротка.
Але гэта проста недапушчальна – што чалавека вывозяць за мяжу. Мы патрабуем выкананне закону.
Калі б я выйшла сама з Акрэсціна – людзі б мяне бачылі, бо там пастаянна дзяжурылі валанторы. А гэта проста паклёп, што ўлады кажуць, што нехта сам выехаў.
Мы бачым, што ўлады выкарыстоўваюць усё, што заўгодна супраць людзей. Я была сведкай, што адбываецца на Акрэсціна. Гэта недапушчальна. Калі чалавек пазбаўлены волі, ніхто не мае права яго катаваць ці прыніжаць. Гэта недапушчальна. Я хачу вярнуцца ў Беларусь і дзейнічаць у межах закона. Тым больш, што мы закон не парушалі.
Павел Латушка: На мяне ціснулі спецслужбы, каб я не ўваходзіў у Раду. Вы ведаеце пра крымінальную справу, пагрозы, допыты. Перад маім выездам мне перадаў адвакат ад члена прэзідыума, што мне трэба з’ехаць за мяжу.
Потым дзеючы кіраўнік дзяржавы заявіў, што я перайшоў чырвоную мяжу і што супраць мяне будзе справа за захоп улады.
Я быў у адной дзяржаўнай установе, дзе сілавікі перакрылі ўваход. То мне прыйшлося выйсці праз тыльны ўваход, пакінуўшы тэлефоны ў будынку, то я выклікаў таксоўку і зʼехаў. Мне некалькі разоў супрацоўнікі КДБ казалі, што я буду прыцягнуты да адказнасці. Быў ультыматум: альбо я зʼеду, альбо супраць мяне будзе крымінальная справа. Я выехаў па сваім пашпарце, але пад такім ціскам і ўльтыматумам.
Аб гэтым можна шкадаваць, але шкадаванняў мала. Нам трэба дзейнічаць. Функцыянаваць пры тым гвалце ў дачыненні да людзей, якія проста выказваюць свае меркаванні – не магчыма. Пішацца апошнія старонкі дзеячай улады.
Я не буду прасіць прытулак ні ў адной краіне, я планую вярнуцца ў Беларусь.
Ёсць Каардынацыйная рада, рашэнні прымаюцца ёй, функцыянуюць усе сувязі. Пашыранае кола Рады – 4000 чалавек. Наўрад ці ўлада вывезе ці затрымае столькі чалавек.
Я сустрэўся з палітыкамі розных краін ЕС, наведаю іншыя краіны, каб з першых вуснаў распавесці пра сітуацыю ў Беларусі і пра нашы планы. Мы не адмаўляемся ад камунікацыі і з іншымі суседзямі, прапануем Расіі ўзяць удзел у перамовах.
Ментальна беларусы ўжо змяніліся. Яны не пагодзяцца жыць у старых умовах, каб іх правы і галасы ігнараваліся. Па ўсёй краіне на платформе «Голас» зарэгістравалася больш за 180 тысяч чалавек. Людзі не збіраюцца спыняцца.
Нам не паказваюць ніякай эканамічнай статыстыкі. Як і па кавіду, лічбы хаваліся. Так і па эканоміцы, ні заробкі, ні знешнія запазычанасці краіны ні іншая інфармацыя. Мы нічога не ведаем дакладна. Гэта таксама можа стаць прычынай новых пратэстаў.
І інаўгурацыя і іншыя дзеянні, як сёння, – гэта ўсё будзе толькі прыспешваць працэс.
Маніфестацыі фактычна самаарганізуюцца. У Рады ёсць напрамкі працы па медычнай дапамозе, страйкамах і гд. Я б не выключаў і міжнародную дзейнасць. Гэта ўжо не толькі беларуская праблема, якую можна вырашыць без медыяцыі. Гэта цэлы комплекс дзеянняў.
Вольга Кавалькова: Сістэму змяніць за адзін дзень не атрымаецца. Яна фарміравалася 25 гадоў, у асноўным былі рэпрэсіі. Але мы зробім усё, што ад нас залежыць, бо мы любім нашу краіну.
Павел Латушка: Дзяржаўныя служкі будуць стаяць перад выбарам кожны дзень ці пайсці на злачынства, ці выканаць загад. Я перакананы, што яны будуць рабіць выбар на бок народу. Іншая справа – сілавыя структуры. Злачынцы, вядома, будуць стаяць да канца. Але і яны не ўсе злачынцы. Мы кажам, што яны патрэбныя дзяржаве.
А тыя, хто здзейсніў злачынства, павінен панесці адказнасць.
Можа, будзе нейкая больш мяккая адказнасць пры яўцы з павіннай, але будзем глядзець у рамках грамадскага дыялогу.