Павел Латушка: Украіна змагаецца не толькі за сваю тэрыторыю, але і за свабоду для ўсёй Еўропы

Павел Латушка выказаў салідарнасць з украінскім народам

pavel_latuszka.jpg

Павел Латушка, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, выступіў з заявай, у якой падтрымаў украінскі народ: “Мы вельмі рашуча выступаем супраць акту ваеннай агрэсіі Расійскай Федэрацыі ў адносінах да Украіны”, — сказаў ён.

 — Пуцін патэлефанаваў Лукашэнку і фактычна скаардынаваў, папярэдзіў яго пра дзеянні, агрэсію ў адносінах да Украіны, нашай суседкі. Усю адказнасць за дзеянні супраць Украіны будзе несці і Аляксандр Лукашэнка.

Мы вельмі рашуча выступаем супраць акту ваеннай агрэсіі Расійскай Федэрацыі ў адносінах да Украіны. Мы салідарны з украінскім народам, мы падтрымліваем у гэты гістарычны момант украінцаў.

Украіна сёння змагаецца не толькі за сваю тэрыторыю, але таксама за свабоду для ўсёй Еўропы. Беларускі народ ніколі не ваяваў супраць украінскага народу і мы супраць вайны.

Дыктатар Лукашэнка стаў саўдзельнікам той агрэсіі, якая зараз ажыццяўляецца на нашых вачах супраць Украіны. Лукашэнка прадставіў тэрыторыю Беларусі для расійскіх войскаў, якія адцягнулі значныя сродкі і сілы Украіны ў гэты важны момант для абароны іх тэрытарыяльнай цэласнасці.

Мы разлічваем на тое, што дыктатар Лукашэнка і яго ваенны рэжым таксама будуць прыцягнуты да міжнароднай прававой адказнасці за дзеянні, якія парушаюць міжнароднае права. Усе дэмакратычныя сілы Беларусі будуць дабівацца гэтага.

Я магу гарантаваць, што Народнае антыкрызіснае ўпраўленне будзе дабівацца, каб адпаведная адказнасць наступіла ў адносінах да Лукашэнкі. Мы падтрымліваем Украіну. Слава Украіне! Жыве Беларусь!