Павел Латушка заклікаў беларусаў 25 сакавіка выходзіць на вуліцы

«25 сакавіка па ўсёй краіне мы пачынаем пратэсную вясну — вясну нашага вызвалення!» — сказаў палітык.

Святкаванне Дня Волі ў 2018 годзе. Фота Дзіяны Пінчук

Святкаванне Дня Волі ў 2018 годзе. Фота Дзіяны Пінчук

Кіраўнік НАУ і сябра Каардынацыйнай рады Павел Латушка заявіў, што гатовы ўзяць на сябе адказнасць за кожнае слова свайго звароту да беларусаў.
«25 сакавіка, у Дзень Волі, выходзьце на цэнтральныя вуліцы сваіх гарадоў па ўсёй краіне. Пакажыце, што наша воля мацнейшая за страх.
Сёння шмат хто чакае рашучых і цвёрдых слоў.
Маё сэрца і сумленне кажуць, што ў мяне няма права маўчаць, пакуль у турмах сотні нявінных людзей, пакуль сотні тысяч падвяргаюцца рэпрэсіям, звальненням, знаходзяцца ў вымушанай эміграцыі.
Сказаць сабе "Я выходжу" — гэта асабісты выбар, унутраны подзвіг і адказ на ўнутраны дыялог», — сказаў Латушка.


Ён абвясціў акцыю «Пульс нашай волі», якая будзе складацца з двух ключавых этапаў:
1) падрыхтоўкі да Дня Волі беларускіх двароў;
2) вулічных акцый, якія пройдуць у сам Дзень Волі.
Падрабязнасці першага этапу палітык абяцае агучыць у бліжэйшы час.