Улады выдумляюць мерапрыемствы ў Дзень Волі

Свабодныя беларусы рыхтуюцца адсвяткаваць Дзень Волі — 103-ю гадавіну абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, абвешчанай 25 сакавіка 1918-га. Сацсеткі поўняцца згадваннем аб гэтай даце, якая асацыюецца з новай надзеяй на перамены.

dzen_voli12_25032017_vadzim_yakubionak_bg.jpg


Дзяржструктуры ж прыдумляюць альтэрнатыўныя мерапрыемствы, піша Беларускі партызан. Асаблівую стараннасць праяўляюць у Міністэрстве адукацыі. Так, школы масава запрашаюць бацькоў на сходы 25-26 сакавіка. Цікава, што на працягу года з-за каронавіруса ва ўстановы адукацыі фактычна нікога не пускалі, а цяпер раптам пачалі клікаць на сустрэчы.

«Дзіця прынесла дзённік з паведамленнем аб бацькоўскім сходзе. Сход на 18:30 на 25.03.2021. Класны кіраўнік папрасіла дзяцей азнаёміць бацькоў пад роспіс. Упершыню такое. І дата вельмі падазроная», — здзіўляецца чытач.

У камітэце па адукацыі Мінгарвыканкама паспрабавалі парыраваць абвінавачванні тым, што ў канцы чвэрці заўсёды праводзяць бацькоўскія сходы. Аднак як яны суадносяцца з антыкавіднымі мерамі і досведам папярэдніх чвэрцяў 2020/21 навучальнага года, калі сходаў не было, там патлумачыць не захацелі.

Прыходзяць падобныя навіны і з іншых навучальных устаноў-беларусы паведамляюць, што на 25 сакавіка ў ВНУ прызначаюць суботнікі (напрыклад, у студэнтаў-медыкаў) і педагагічныя сустрэчы.

Мінспорту не засталося ўбаку. Міністр спорту Сяргей Кавальчук, які раней працаваў у ахове Лукашэнкі, 19 сакавіка правёў сход і раздаў каштоўныя даручэнні. Адным з іх стала «арганізаваць і правесці на ўсіх спартыўных аб'ектах падначаленых арганізацый спартыўныя, спартыўна-масавыя мерапрыемствы сярод спартсменаў нацыянальных каманд РБ па відах спорту, работнікаў устаноў». У якую, думаеце, дату яны павінны прайсці? Так-так, 25 сакавіка. Усё строга — Кавальчук загадаў тэрмінова распрацаваць і даць яму планы правядзення названых мерапрыемстваў.