Перад канцэртам затрымалі музыку і арт-менеджара Уладзіміра Булаўскага

Учора, 6 ліпеня, на Віцебшчыне затрымалі Уладзіміра Булаўскага, вядомага арт-менеджара, арганізатара разнастайных культурных праектаў ды канцэртаў і музыку.

Затрыманне здарылася ўвечары, перад канцэртам «Купальскае кола», дзе Уладзімір мусіў граць з этнагуртом «Гук», паведамляюць праваабаронцы.

«Забралі двое супрацоўнікаў у грамадзянскім, без тлумачэння прычыны. Нібыта завезлі яго ў Віцебск», — расказалі сябры Уладзіміра.

Гэта ўжо чацвёртае затрыманне Булаўскага за апошнія два гады. У верасні 2020 года яго асудзілі на 8 сутак і прызналі вінаватым у парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (арт. 23.34 КаАП).

У лістападзе 2021 года — пакаралі 7-сутачным арыштам за «распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» па арт. 19.11 КаАП. І ў лютым, у асноўны дзень правядзення рэферэндуму, яго асудзілі на 15 сутак.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: