Перастаў выдавацца літаратурна-мастацкі часопіс «Верасень», які выходзіў 12 гадоў

Літаратурна-мастацкі часопіс для моладзі «Верасень» , які быў заснаваны па ініцыятыве грамадскай арганізацыі «Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны» і дзе друкавалася маладыя аўтары, прыпыніў выхад. Прычына — ліквідацыя самой арганізацыі. Пра гэта паведаміў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку галоўны рэдактар выдання — паэт і перакладчык Эдуард Акулін.

zhurnal_verasen.jpg


Часопіс «Верасень» пачаў выходзіць у 2009 годзе па ініцыятыве грамадскай арганізацыі «Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны». Усяго выйшла больш за 20 нумароў. Тут друкаваліся маладыя беларускія аўтары.
Нагадаем, у пачатку лістапада гэтага года Вярхоўны суд прыняў рашэнне ліквідаваць адну з найстарэйшых грамадскіх арганізацый Беларусі — «Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны» (ТБМ).
 — Няма сумневу, што за 12 гадоў свайго існавання часопіс стаў заўважнай з’явай у культурным жыцці краіны. А па-іншаму й быць не магло, бо ў шчаслівую літаратурную дарогу выданне дабраславілі адразу два народныя паэты Беларусі -- Ніл Гілевіч і Рыгор Барадулін. І гэта дарога напраўду была шчаслівай… А як жа іначай, калі за час існавання на старонках «Верасня» надрукавалі свае творы каля 700 аўтараў -- паэтаў, празаікаў, драматургаў, публіцыстаў і крытыкаў, з іх -- больш за 100 дэбютантаў. Пачынаючы ад 14 нумара, акрамя літаратараў, «Верасень» стаў творчай пляцоўкай яшчэ й для маладых мастакоў, — напісаў Эдуард Акулін.
Ён падзякаваў аўтарам і мастакам, якія друкаваліся ў выданні, а таксама тым, хто дапамагаў выдаваць часопіс.