Перад выбарамі: Лукашэнка загадаў не звальняць пенсіянераў

Аляксандр Лукашэнка лічыць недапушчальным звальняць пенсіянераў, здольных працаваць далей. Пра гэта ён заявіў 24 ліпеня ў Мінску на нарадзе па пытаннях сацыяльнага забеспячэння.



lukashenka160611.jpg

"У сродках масавай інфармацыі чытаю пра пазіцыю некаторых кіраўнікоў прадпрыемстваў і падыходы, якія дазваляюць, захоўваючы працоўныя калектывы, звальняць пенсіянераў. Маўляў, сітуацыя складаецца такая, — цытуе Лукашэнку БЕЛТА. — Вось гэтага дапускаць нельга! Хоча чалавек працаваць, можа працаваць — хай працуе. Бо наш лозунг пра сацыяльную дзяржаву так і застанецца лозунгам".

"Па-чалавечы трэба ставіцца да людзей. Але калі некаторыя кіраўнікі гэтага не разумеюць, то трэба ў першую чаргу кіраўніка адправіць на вуліцу, таму што без ведама ўлады ён нікуды не ўладкуецца, і потым паглядзім, як ён будзе сябе паводзіць. Нельга фармальна выконваць пастаўленыя мной задачы", — заявіў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, "пра пенсіянераў і іншыя неабароненыя слаі насельніцтва трэба памятаць заўсёды". "І справа тут не ў выбарах", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, які балатуецца на пасаду прэзідэнта пяты раз.

Лукашэнка чарговым разам таксама заявіў, што пенсійны ўзрост у Беларусі павышацца не будзе. "Маё меркаванне на гэты конт вядома: калі людзі не жадаюць павышэння пенсійнага ўзросту, мы ім прама сказалі — вось такі пенсійны ўзрост, такі пенсійны фонд, мы яго дзелім на ўсіх пенсіянераў", — сказаў ён. "І гаворка сёння не ідзе пра гэта, і ўзнімаць гэтае пытанне няма чаго", — дадаў ён.

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што "з кожным годам, хоць патроху, але становіцца менш працоўных людзей, якія робяць адлічэнні ад сваёй заработнай платы на сацыяльныя патрэбы". "Таму людзі ведаюць сітуацыю, і мусоліць гэта пытанне абсалютна недарэчы, дый не час", — лічыць Лукашэнка.