Польскі бок абразіўся

Пасол Польшчы ў Беларусі Лешак Шарэпка абверг матэрыял Беларускага тэлебачання на тэму нацыянальных меншасцяў. Спадар Шарэпка заявіў, што звычайна каментаваць сюжэты БТ не прынята, але гэтым разам была закранутая «адчувальная тэма нацыянальнай меншасці».

Пасол Польшчы ў Беларусі Лешак Шарэпка абверг матэрыял Беларускага тэлебачання на тэму нацыянальных меншасцяў. Спадар Шарэпка заявіў, што звычайна каментаваць сюжэты БТ не прынята, але гэтым разам была закранутая «адчувальная тэма нацыянальнай меншасці».
Нагодай для заявы па нацыянальных меншасцях стаў сюжэт, што быў паказаны ў праграме «У цэнтры ўвагі» па Першым канале Беларускага тэлебачання. У гэтым сюжэце закраналася тэма беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы, гаварылася аб пераносе беларускага культурнага цэнтра з Беластока ў Варшаву. Пасол Польшчы ў Беларусі Лешак Шарэпка запэўніў, што правы беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы не парушаюцца.
Лешак Шарэпка паведаміў, што Беларусь і Польшча правялі шэраг кансультацый па пытанні статусу і далейшага лёсу Польскага інстытута ў Мінску і Беларускага культурнага цэнтра ў Польшчы. Ужо распрацаваны праект пагаднення і, верагодна, да канца года яно будзе падпісанае. Разам з тым спадар Шарэпка мяркуе, што падтрымка нацыянальных меншасцяў у Польшчы і Беларусі істотна адрозніваецца. І перавага тут не на беларускім баку.
«Беларускія меншасці ў Польшчы, на колькі я ведаю, маюць магчымасць вывучаць беларускую мову і культуру. Напрыклад, у Гайнаўцы ёсць беларускі культурны цэнтр, ёсць газеты на беларускай мове, якія фінансуе польскі бок, тое ж «Радыё Рацыя» транслюецца па-беларуску. Я параўноўваю дапамогу для нацыянальных меншасцяў у Польшчы і Беларусі і бачу вялікую дыспрапорцыю», — лічыць пасол.
У Беларусі толькі 12 працэнтаў беларускіх палякаў ведаюць польскую мову. А дзейнасць праўладнага Саюза палякаў у Беларусі Лешак Шарэпка ацэньвае неадназначна, кантактаў з гэтым саюзам Пасольства не мае.
Агулам палітычныя адносіны паміж Беларуссю і Польшчай застаюцца напружанымі. Спадар Шарэпка пажартаваў, што гэтыя канфлікты, відаць, ёсць вынікам таго, што заходняя суседка зычыць Беларусі добрай будучыні. Афіцыйную ноту пратэсту ў беларускае МЗС наконт тэлевізійнага сюжэту польскі бок накіроўваць не будзе, не будзе і судовага іску да Беларускага тэлебачання. Аднак Лешак Шарэпка не выключае, што гэты інцыдэнт можа яшчэ больш пагоршыць беларуска-польскія ўзаемаадносіны.