Польшча. У Бескідах адрадзілася папуляцыя глушцоў
Яйкі для адраджэння птушак былі прывезеныя з Беларусі.
Яшчэ некалькі гадоў таму сустрэча з глушцом у Бескідах была цудам. У выніку ўнікальнай праграмы ў бескідзкія лясы трапіла ўжо больш за 1,5 тысячы цецеруковых.
Папуляцыя глушцоў у Польшчы рэзка зменшылася пасля Другой сусветнай вайны. Сярод прычын — папулярнасць паляванняў на глушцоў, а таксама ўсё больш інтэнсіўная дзейнасць чалавека ў гарах. У месцах, якія былі раем для птушак, пачалася вырубка дрэваў, будова дарог і дамоў. У выніку на пераломе ХХ і ХХІ стагоддзяў у Бескідах жыло толькі 10 штук глушцоў.
«Мы прыйшлі да высновы, што калі нешта не зробім, то глушцоў мы будзем бачыць толькі на карцінках. Такім чынам узнікла праграма аднаўлення глушца ў нашых лясах», — прыгадвае Зянон Жоньца, які кіруе праграмай.
Каб распачаць, патрэбныя былі яйкі. Іх здабыча ў Польшчы з увагі на мізэрную колькасць была амаль немагчымай. Удалося іх сабраць у Беларусі. «Усё адбылося легальна, на гэта пагадзіўся міністр навакольнага асяроддзя. Было згода і польскага міністра».
Першых глушцоў выпусцілі на волю ў 2004 годзе. «Цяпер няма тыдня, каб нехта да нас не пазваніў, што сустрэў у лесе гэтую прыгожую птушку. А яшчэ некалькі гадоў назад гэта было амаль немагчыма», — расказвае Зянон Жоньца.