Палякі падалі ў суд на «Газпром»
Раней іск супраць расійскага манапаліста падалі туркі і ўкраінцы.

Фота vremya4e.com
Польская нафтагазавая кампанія «PGNiG» падала іск у арбітражны суд у Стакгольме супраць «Газпрома» і даччынай кампаніі «Газпром экспарт».
Пра гэта паведаміла прэс-служба польскага канцэрну. Раней, у траўні 2015 года, «PGNiG» накіравала расійскаму боку апавяшчэнне аб арбітражным разглядзе.
Прадметам арбітражнага разбору стаў перагляд умоў цэнаўтварэньня па доўгатэрміновым кантракце ад 1996 года на закупку прыроднага газу.
У кампаніі пры гэтым адзначаюць, што з-за «канфідэнцыйнага характару арбітражу» не могуць даць падрабязнасці разбору і ўласных патрабаванняў. Аднак «PGNiG» не выключае правядзення двухбаковых «камерцыйных» перамоваў для дасягнення пагаднення.
Як нагадвае «Нямецкая хваля», раней пра іск на суму ў 759 мільёнаў еўра да даччынай кампаніі «Газпрома» заявіла італьянская будаўнічая кампанія «Saipem».
Акрамя гэтага, у кастрычніку 2015 года Турцыя праз суд запатрабавала ад «Газпрома» зніжку на газ, а ў лістападзе ўкраінскі «Нафтагаз» павялічыў суму іску да расійскага манапаліста да 25,7 мільярда долараў.