Польскія паліцэйскія прыехалі ў Літву, каб дапамагаць у ахове мяжы з Беларуссю
У Літву прыбылі больш за 50 польскіх паліцэйскіх. Яны будуць дапамагаць літоўскім памежнікам у ахове мяжы з Беларуссю і прадухіленні незаконнай міграцыі, паведамілі ў МУС Літвы.
Мяркуецца, што гэтыя афіцэры прапрацуюць у Літве месяц, а затым іх заменяць калегі.
«Я не
сумняюся, што разам мы пераадолеем гэты выклік і абаронім Літву і Польшчу ад
нападаў, арганізаваных беларускім рэжымам», — сказала міністарка ўнутраных
спраў Агне Білатайтэ, вітаючы калег.
Афіцэры
прыбылі ў суправаджэнні міністра ўнутраных спраў Польшчы Марыюша Каміньскага.
Ён, у сваю чаргу, заявіў, што не сумняецца ў афіцэрах, у тым, што яны будуць
прафесійна выконваць свае абавязкі і дапамогуць забяспечыць ахову літоўскай
мяжы.
З пачатку
года літоўска-беларускую мяжу нелегальна перасеклі 4 146 мігрантаў, нагадалі ў
МУС краіны. Праз нелегальную міграцыю Літва вымушаная была абвясціць на мяжы
надзвычайную сітуацыю.
Паток
мігрантаў прыкметна павялічыўся пасля таго, як у дачыненні да Беларусі ўвялі
новы пакет санкцый праз інцыдэнт з самалётам «Ryanair». Аляксандр Лукашэнка
заявіў, што мяняе падыходы да стрымлівання нелегальнай міграцыі і кантрабанды.
Пасля таго, як Літва, Польшча і Латвія перасталі прымаць мігрантаў, Лукашэнка
распарадзіўся не пускаць іх і назад у Беларусь. Людзі вымушаныя бадзяцца на
мяжы паміж дзвюма краінамі.
У ЕС лічаць, што беларускія ўлады датычныя да арганізацыі крызісу на мяжы.
Паводле «Еўрарадыё».