У Германіі затрымалі каля 250 мігрантаў, якія трапілі ў ЕС праз Беларусь
Каля 250 нелегальных мігрантаў, якія трапілі ў Германію праз Беларусь, затрымалі з пачатку года нямецкія паліцэйскія, паведамляе газета «Die Welt» са спасылкай на аналітычны даклад мясцовых органаў бяспекі па нелегальнай міграцыі. Усе затрыманыя — выхадцы з Ірака.
Пры гэтым аўтары дакумента адзначаюць, што колькасць нелегальных мігрантаў, якія заехалі ў ЕС з Беларусі, расце. Аналіз таксама паказаў, што арганізатары незаконнай міграцыі просяць бежанцаў запісаць відэа са словамі «Я ў Германіі», адзначае «Еўрарадыё».
«Мяркуецца, што гэта будзе "рэкламай" кантрабанды, а таксама можа вызваліць ад рэштак аплаты за паслугі
кантрабандыстаў», — гаворыцца ў дакуменце.
Выданне распавядае пра групу іракцаў, якіх паліцыя выявіла
17 жніўня ў Саксоніі. Гэта былі «агулам 15 іракскіх
грамадзян без дакументаў». У паліцыю пра іх паведамілі мясцовыя жыхары.
Першыя расследаванні, праведзеныя нямецкімі паліцэйскімі,
паказалі, што «ўсе людзі спачатку прыляцелі ў Мінск рэгулярнымі рэйсамі, а
затым былі дастаўленыя ў Германію на легкавых і грузавых аўтамабілях». Затым усе яны папрасілі прытулку.
Пры гэтым
некаторыя людзі распавядалі падчас допытаў, што на мяжу ў Беларусі іх «суправаджалі людзі ў чорным, некаторыя з іх былі ўзброеныя і ў масках. На
транспартных сродках, на якіх іх везлі, не было нумарных знакаў, а вокны былі
прыцемненыя».
Выданне
падрабязна распавядае пра сітуацыю, якая склалася на мяжы Літвы і Польшчы з
Беларуссю, пра вялікі паток мігрантаў і пра тое, што да крызісу можа быць
датычны рэжым Аляксандра Лукашэнкі.