Польскія паліцыянты заклікаюць беларускіх калегаў спыніць гвалт

«Нельга выступаць супраць уласнага народа», — кажа старшыня незалежнага самакіраванага прафсаюза паліцыянтаў (NSZZ Policjantów) Рафал Янкоўскі.



rafafal_jankowski_730x400.jpg

Фота nszzfsg.pl

Гэты польскі незалежны прафсаюз падрыхтаваў адмысловы зварот, скіраваны на адрас беларускіх праваахоўных органаў, у якім звяртаецца ўвага на недапушчальнасць ужывання гвалту супраць людзей. Рафал Янкоўскі прыгадвае падобны польскі досвед:

– 30-40 гадоў таму ў Польшчы, тады яшчэ міліцыянты, былі ў такой самай сітуацыі, як сёння беларускія міліцыянты. Тады таксама палякі, народ, выйшаў на вуліцу і стаў насупраць нас. Але польскія міліцыянты ў большасці, не зважаючы на рэпрэсіі, якія маглі іх напаткаць і якія частку асоб напаткалі, сталі па правільным баку.

“А менавіта на бок грамадства, бо і паліцыя, і міліцыя, павінны служыць грамадству, а не асобным палітыкам ці партыям”, – дадае Рафал Янкоўскі. Не можа так быць, што міліцыя пераследуе людзей, дае ілжывыя паказанні ў судах, – працягвае наш суразмоўца:

– Я прашу беларускіх міліцыянтаў, прашу і асцерагаю – не ўжывайце сілу і не складайце фальшывых сведчанняў. Нельга рабіць крыўду ўласнаму народу, бо праз нейкі час вас асудзіць гісторыя, так будзе, але хутчэй вас асудзяць блізкія, сваякі, сябры. І, відавочна, незалежныя суды таксама зоймуцца гэтымі людзі, толькі будзе гэта калі сучасная ўлады адыдзе, калі ўжо будзе на сметніку гісторыі.

Рафал Янкоўскі лічыць, што важная салідарная пазіцыя беларускай міліцыі, бо зразумела, што кожны паасобку можа баяцца. Але калі на бок народа стане 5 міліцыянтаў, пазней 10 і пазней яшчэ больш, то гэтую хвалю ўжо цяжка будзе спыніць. “Напэўна, не варта падтрымліваць рэжым, а ўжо напэўна не варта і нельга біць і катаваць людзей, і складаць фальшывыя сведчанні супраць іх”, – дадаў наш суразмоўца.

Беларускае Радыё Рацыя