Польскія памежнікі знайшлі ў рацэ цела 19-гадовага сірыйскага мігранта
Яшчэ аднаго сірыйца ўдалося ўратаваць. Яны планавалі цераз раку трапіць у Польшчу, аднак ніхто з іх не ўмеў плаваць, піша «Свабода».
Каля вёскі Вароблін Бельскага павету польскія памежнікі з дапамогай нырцоў выцягнулі з ракі цела маладога сірыйскага мігранта, які спрабаваў пераплысці Буг і трапіць у Польшчу, піша агенцтва PAP.
Паліцыя высветліла асобу 19-гадовага загінулага, бо пры ім былі дакументы; акрамя таго, яго ведаў другі сірыец, якога змаглі ўратаваць.
Пракуратура пачала расследаванне абставінаў гібелі мігранта. Паводле папярэдняй інфармацыі, двое сірыйскіх уцекачоў планавалі цераз раку трапіць у Польшчу, аднак ніхто з іх не ўмеў плаваць. І калі аднаго мужчыну ўратавалі, другі патануў у рацэ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Уратаванаму сірыйцу 22 гады, ён сказаў польскім памежнікам пра тое, што яго выпхнулі з тэрыторыі Беларусі да ракі Буг беларускія памежнікі. Далей сірыйцы не планавалі звяртацца з заявай аб міжнароднай абароне ў Польшчы а, як мяркуецца, хацелі перабрацца на захад Еўропы.
Гібель 19-гадовага мігранта ўжо не першая на мяжы Беларусі і Польшчы з часу пачатку міграцыйнага крызісу, у якім польскія ўлады разам з латышкімі і літоўскімі абвінавацілі Лукашэнку.
За мінулыя суткі на мяжы прадухілена 600 спробаў пераходу мяжы ў бок Польшчы, затрыманыя 19 мігрантаў. За кастрычнік спробаў нелегальнага перасячэньня было ўжо 11,3 тыс, за год 22,9 тыс.