Польшча будзе прызнаваць беларускія атэстаты без даведак лукашэнкаўскага Мінадукацыі
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда падпісаў папраўкі ў закон аб дапамозе грамадзянам Украіны ў сувязі з узброеным канфліктам. Інфармацыя пра гэта з'явілася напярэдадні на сайце канцылярыі польскага прэзідэнта. Дакумент спросціць жыццё і некаторым беларусам.
У прыватнасці, як заўважае «Еўрарадыё», вырашаецца праблема з прызнаннем атэстатаў аб адукацыі. Адна з паправак прадугледжвае, што атэстат, атрыманы ў краіне, якая дэнансавала пагадненні з Польшчай аб прызнанні дакументаў аб адукацыі, можна будзе пацвердзіць у Польшчы. Гэта датычыцца дакументаў аб пачатковай, няпоўнай сярэдняй, сярэдняй адукацыі, у тым ліку прафесійнай.
Дагэтуль часу пацвердзіць атэстат такім чынам — праз адміністрацыйную працэдуру ў Польшчы — маглі толькі асобы, якія атрымалі статус бежанца або дадатковую абарону, і члены іх сем'яў, а таксама асобы, якія пацярпелі ў выніку ўзброеных канфліктаў, стыхійных бедстваў і іншых гуманітарных крызісаў. Беларусь прыпыніла пагадненне з Польшчай аб супрацоўніцтве ў сферы адукацыі ў лютым 2023.
У траўні стала вядома, што беларускія ўлады перашкаджаюць выпускнікам беларускіх школ паступаць у польскія ВНУ. Мінадукацыі пачало адмаўляць у выдачы даведак, якія пацвярджаюць легальнасць атэстатаў. Паведамлялася, што без гэтага дакумента большасць польскіх універсітэтаў не могуць прыняць абітурыента.
Раней гэтыя даведкі ў Беларусі выдаваліся па першым патрабаванні выпускнікоў. Аднак у траўні 2024 года абітурыентам сталі адмаўляць. Фармальна Дэпартамент кантролю якасці адукацыі спасылаецца на ўказ №200 ад 2010 года, у якім такая даведка не згаданая ў якасці дакументаў, якія выдаюцца.
Паведамлялася, што ў тэлеграм-чаце беларусаў у Польшчы гэтая тэма горача абмяркоўвалася. Напрыклад, карыстальнік пад нікам Maks распавёў, як спрабуе паступіць у польскую ВНУ.
— Я ўжо ўсіх у гэтай Польшчы закалябаў — каму толькі ні пісаў, нават у канцылярыю прэзідэнта. Але галоўны орган у гэтай справе — Міністэрства адукацыі — сказаў, што нічым не можа дапамагчы і трэба ехаць у Беларусь [па дакументы]. Мне не далі спосабу вырашэння праблемы — забіраюць мару паступіць ва ўніверсітэт, — скардзіўся малады чалавек.
Адзін з удзельнікаў тэлеграм-чата «Польскі студэнт» паспрабаваў атрымаць такую даведку ў Беларусі, але сутыкнуўся з адмовай са спасылкай «на адсутнасць адпаведнай адміністрацыйнай працэдуры».
— Нават знаходзячыся ў Беларусі, вы гэтую даведку не здабудзеце, — сказаў на заканчэнне ён.
Выглядае, што цяпер, калі падпісаныя папраўкі,
лукашэнкаўскія чыноўнікі больш не змогуць ўстаўляць палкі ў колы беларусаў, якія
хочуць атрымаць еўрапейскую адукацыю.