Польшча можа спыніць чыгуначны рух і закрыць астатнія памежныя пераходы на мяжы з Беларуссю
Праз міграцыйны крызіс і эскалацыю падзей на мяжы Польшча можа закрыць памежныя пераходы і спыніць чыгуначны рух з Беларуссю, заявіў кіраўнік МУС Польшчы.
Зараз закрыты толькі пункт пропуску «Кузніца», з беларускага
боку гэта «Брузгі», нагадвае «Наша ніва».
9 лістапада побач з памежнымі пунктамі размясціўся лагер
мігрантаў не менш як на 2000 чалавек. Яны спрабуюць прарвацца праз мяжу і
патрапіць у Германію. Польшча адмаўляецца прымаць іх.
Між тым сітуацыя складаецца ў мігранцкім лагеры вельмі
цяжкая. Сёння на польскім баку побач з мяжой Беларусі было знойдзена яшчэ адно
цела мігранта — 20-гадовага грамадзяніна Сірыі. Прычына смерці невядомая.
Ноччу група мігрантаў каля 100 чалавек спрабавала нелегальна
перасячы мяжу. Польскія памежнікі паведамляюць, што мігранты ўжылі супраць іх
слёзатачывы газ.
У самім лагеры ўмовы — на мяжы гуманітарнай катастрофы. Ніякіх сур'ёзных крокаў для вырашэння праблемы намётавага лагера зроблена пакуль не было.