Iraqi Airways атрымала дазвол на рэйсы ў Мінск для рэпатрыяцыі грамадзян Ірака з беларуска-польскай мяжы
Ірак вырашыў рэпатрыяваць сваіх грамадзян, якія жадаюць пакінуць польска-беларускую мяжу.

Кампанія Iraqi Airways, якая прыпыніла палёты ў Мінск яшчэ ў
жніўні, атрымала дазвол на палёты ў Беларусь для вывазу грамадзян Ірака на
радзіму, паведамляе «Голас Амерыкі».
Прадстаўнік МЗС Ірака заявіў, што дыпламатычнае ведамства
складае спісы грамадзян Ірака, якія апынуліся ў бязвыхадным становішчы на мяжы
паміж Беларуссю і Польшчай і добраахвотна жадаюць з'ехаць на радзіму.
«Мы гатовы арганізаваць не адзін рэйс, каб тэрмінова
адрэагаваць на [просьбы] усіх, хто хоча вярнуцца дадому добраахвотна», — сказаў
афіцыйны прадстаўнік ірацкага Міністэрства замежных спраў Махамед ас-Сагаф.
Сотні нелегальных мігрантаў і патэнцыйных просьбітаў прытулку, многія з якіх з'яўляюцца курдамі з Ірака, аказаліся заблакаваныя на мяжы Беларусі і Польшчы ў той час, калі слупок тэрмометра ў гэтым раёне набліжаецца да 0 градусаў па Цэльсію. Сусветная арганізацыя аховы здароўя заявіла ў пятніцу, што «вельмі занепакоена» цяжкім становішчам бежанцаў на мяжы паміж Польшчай і Беларуссю.
Польшча адмаўляецца дазволіць ім перасячы мяжу, а Захад
абвінавачвае Аляксандра Лукашэнку ў тым, што ён завозіць
нелегальных мігрантаў у сваю краіну для адпраўкі іх у ЕС у адплату за
ўведзеныя супраць Мінска санкцыі.
«Супрацоўнікі пасольстваў Ірака з Масквы і Варшавы
накіраваліся да мяжы, каб «праверыць бяспеку (умоў, у якіх знаходзяцца
мігранты) і звязацца з мясцовымі ўладамі», — сказаў Сагаф.
Беларускія дыпламатычныя місіі ў Багдадзе і ў рэгіянальнай
сталіцы Курдыстана Эрбіле, якія выдавалі іракцам турыстычныя візы, былі «часова
закрытыя» на мінулым тыдні, дадаў ён.
Ірацкая авіякампанія Iraqi Airways прыпыніла «на нявызначаны
тэрмін» рэйсы паміж Багдадам і Мінскам яшчэ ў жніўні, паведаміў афіцыйны
прадстаўнік авіякампаніі Гусейн Джаліль.
«Але мы атрымалі дазвол на выкананне палётаў у адзін бок паміж Мінскам і Багдадам для заблакіраваных у Беларусі іракцаў», — дадаў ён.
У апошнія тыдні патэнцыйныя мігранты былі вымушаныя
дабірацца да Беларусі праз трэція краіны, звычайна — праз Турцыю. Аднак
Турцыя ў пятніцу ўвяла забарону для грамадзян Сірыі, Ірака і Емена на
пасадку на борт самалётаў, што вылятаюць у Беларусь.
Віцэ-прэзідэнт Еўрапейскай камісіі Маргарыціс Схінас у панядзелак адправіцца ў Багдад для перамоваў наконт гуманітарнага крызісу, які працягваецца.
Паводле «Свабоды».