«Еўропа — гэта не толькі Берлін. Варшава і Вільня настроеныя адказваць Мінску ў яго брутальным стылі»
Палітычны публіцыст — пра тое, што ў сухім астатку ад свежых заяў кіраўніка Расіі на беларускую тэму вядучаму тэлепраграмы «Масква. Крэмль. Пуцін».
— Гаспадар Крамля даў зразумець, што не дазволіць Лукашэнку перакрываць транзіт расійскага газу ў Еўропу, — піша Аляксандр Класкоўскі. — Словы «ну, ён можа, напэўна» не павінны ўводзіць у зман. Сэнс супрацьлеглы: хай лепш не спрабуе.
Таксама прэзідэнт РФ развеяў ілюзію, што Лукашэнка нібыта здольны пстрычкай пальцаў выклікаць расійскую стратэгічную авіяцыю для
застрашвання сваіх ворагаў: палякаў на «Леапардах» і інш. Па словах
Пуціна, гэтыя палёты не звязаныя з міграцыйным крызісам, а носяць планавы
характар.
Гэта значыць, з аднаго боку, расійскі лідар акуратна ўказаў
беларускаму правадыру на яго месца, аднак з другога — падыграў яму ў галоўным:
хай Еўропа садзіцца, маўляў, з ім за стол перамоваў.
«Я так зразумеў, Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка і
канцлер Меркель гатовыя адно з адным пагаварыць. Спадзяюся, што гэта ў
бліжэйшы час адбудзецца...» — такая самая інтрыгуючая фраза Пуціна ў
гэтым каскадзе заяў.
Як вядома, за апошнія дні в. а. канцлера Германіі і прэзідэнт
Расіі двойчы размаўлялі па тэлефоне, абмяркоўвалі сітуацыю на мяжы Беларусі і
ЕС.
Сам жа Лукашэнка пасля выбараў-2020, калі Еўропа была ў шоку
ад дзеянняў беларускіх сілавікоў, проста не захацеў здымаць слухаўку для размовы
са спадарыняй канцлерын. Цяпер, як дала зразумець прэс-сакратар Лукашэнкі, той
гатовы ўважыць. Сапраўды, шкада дзетак у лагеры на мяжы... Пуцін з гэтай
нагоды таксама падпусціў гуманізму а-ля Дастаеўскі.
Цяпер вельмі цікава пачуць тлумачэнні з Берліна. Пуцін
бляфуе ці сапраўды схіліў сыходзячую Меркель да дыялогу з тым, каму Еўрасаюз адмовіў у легітымнасці?
Другое азначала б, што разлік беларускага начальства
перамагчы «гнілую» Еўропу ў вайне нерваў і воль не такі ўжо
беспадстаўны.
Зрэшты, Еўропа — гэта не толькі
Берлін. Варшава і Вільня, мяркуючы па ўсім, настроеныя адказваць Мінску ў яго
брутальным стылі.
Так што пачакаем развіцця інтрыгі.