Пра "вярбоўку" беларусаў ва Украіну і несмяротнасць ДНР

Беларус Ігар Тышкевіч ужо восем гадоў жыве ў Кіеве. Наш зямляк займаецца аналітыкай на інтэрнэт-партале “Хвиля”, у тым ліку — пытаннямі ўзброенага канфлікту на ўсходзе Украіны. Матэрыялы Ігара Тышкевіча вызначаюцца трапнымі высновамі, дасціпнымі фармулёўкамі і добрым веданнем фактуры. Ці сапраўды існуе “канал вярбоўкі беларусаў ва Украіну”, як пра тое паведамілі ў беларускім КГБ? Ці ёсць сярод беларусаў, якія ваююць у Антытэрарыстычнай аперацыі, сапраўдныя прафесіяналы? Ці можа паўтарыцца тая ж ДНР у іншых рэгіёнах Украіны?



tyshkevich_igar.jpg

З Ігарам Тышкевічам гутарыць  карэспандэнт Марцін Война.

— Калі сярэднестатыстычны беларускі абывацель дазнаецца пра нейкіх беларусаў, якія ваююць у АТА на ўкраінскім баку, першая рэакцыя прыблізна такая: “Гэта фашысты, якім хунта плаціць грошы”… Беларусы там ваююць за грошы?

— У кожным грамадстве ёсць людзі, для якіх існыя рамкі, існая сістэма каардынат падаецца вузкай. У каго ёсць нейкія ідэі. Што тычыцца беларусаў, якія тут змагаюцца… Прынамсі, не ведаў ніводнага, хто б пайшоў за грошы.

— А вось беларускае КГБ сцярджае пра нейкія каналы вярбоўкі…

— Ёсць пужалкі пра футбольных фанатаў, пра “Малады фронт”. Гэта звычайны перадвыбарчы ход. Гэткая “закладачка”, якая спатрэбіцца, калі сітуацыя будзе вымагаць новых рэпрэсій, калі не атрымаецца палепшыць дачыненні з Еўропай. Проста спатрэбіцца нейкая падстава, чаму мы кагосьці адсочваем, чаму мы кагосьці арыштоўваем…

— Вайна — гэта ў пэўнае ступені рамяство. Аднага жадання ваяваць, відавочна, замала. Трэба мець адпаведную базу. Ці ёсць сярод беларусаў, якія ваююць на ўкраінскім баку, прафесійныя вайскоўцы ці хаця б тыя, хто служыў у баяздольных частках?

— Ёсць дыплом, а ёсць адукацыя. Ёсць адукацыя, а ёсць яшчэ і веды. Трэба адрозніваць зорачкі на пагонах і прафесіяналізм. Багата беларусаў удзельнічае ў баях фактычна ад першага дня вайны. Ёсць прафесіяналы, якіх украінцы ўжо запрасілі як вайсковых інструктараў. Нават не ведаю, як іх назваць: вайскоўцы, афіцэры… Гэта проста прафесійныя ваяры.

— Ад удзельнікаў Антытэрарыстычнай аперацыі мне неаднаразова даводзілася чуць, што ўкраінскае вайсковае кіраўніцтва некампетэнтнае.

— Ёсць адзін бок медаля, які бачны адразу. Чалавек у акопе бачыць толькі тое, што бачыць. Усёй карціны ён не бачыць. Таму казаць пра “некампетэнтнасць” я бы не стаў. Але ж, з іншага боку, што такое было ўкраінскае Міністэрства абароны: гэта была такая добрая сінекура, з добрай пенсіяй, з магчымасць урваць кавалак фінансавага пірага. Ну, і насычаная “расейскімі гасцямі”. Адпаведна, не выпадала чакаць, што там з’явяцца афіцэры вышэйшага звяна, якія раптам усё заменяць – трэба быць вельмі вялікім аптымістам ці ідэалістам.

— Украінскіх генералаў іншым часам абвінавачаваюць у здрадзе…

— Так, ва Украіне папулярна сцвярджаць: “Паўсюдна здраднікі, і прэзідэнт таксама здраднік!”, але калі ты бачыш усю карціну, узнікае багата пытанняў. Вось яскравы прыклад: “Ілавайскі кацёл”. Украіна на той момант мела каля 20 000 баяздольных войскаў. З гэтым войскам трэба было прыкрываць Адэскую вобласць, Чарнігаўскую вобласць, Крым, крыху пакінуць на мяжу з Беларуссю і крышку – на ратацыю. Такім чынам, у лепшым разе здаровых вайскоўцаў на ўсходзе Украіны было 15 000, калі з валанцёрамі – крыху больш. І тут уваходзіць 10 тысяч расейскіх вайскоўцаў. Плюс 15 тысяч тых, якія былі на баку сепаратыстаў. Колькасная перавага на баку ворага. Ідзе наступ: з аднаго боку – на Ілавайск, з другога – ідзе прарыў на Марыупаль. Марыупаль, як хто не ведае, – гэта порт, які на той момант забяспечваў 70 % экспарту ўкраінскага зерня. Пытанне для кіраўніцтва краіны, што больш важна: ахвяраваць 500 вайскоўцамі… прашу прабачэння, гэта досыць цынічна! Ці ўратаваць дзяржаву і ўкраінскі экспарт, таму што без экспарту няма грошай і няма за што купіць зброю. Ёсць цынічны, жорсткі, але ўсё ж выбар…

— У якой ступені медыйная карцінка АТА супадае ці адрозніваецца ад таго, што адбываецца там насамрэч?

— У кожнай вайне ёсць рэальная карцінка, якую бачаць салдаты. Ёсць карцінка, якую бачыць Генштаб. Ёсць карцінка, якую бачыць журналіст, які прыязджае на фронт. І ёсць карцінка, якая даецца насельніцтву. Гэтыя карцінкі адрозніваюцца. Пры гэтым усе яны ў чымсьці праўдзівыя: свядома ніхто не падманвае. Але кожная дзяржава, якая знаходзіцца ў стане вайны, для свайго насельніцтва, для падняцца таго ж маральнага духу паказвае пэўную карцінку. Але ж ва Украіне ёсць крыніцы інфармацыі, альтэрнатыўныя медыйным: валанцёры, Фэйсбук і гэтак далей. Таму кожны чалавек, які ўмее думаць і шукаць інфармацыю, зможа скласці нейкую карціну.

— Раз-пораз па ўкраінскіх медыя праходзіць інфармацыя пра беларусаў-наёмнікаў, якія ваююць на баку ДНР, ЛНР…

— Прынамсі, тое, што такія людзі ёсць – гэта цалкам натуральна. Асабліва зважаючы на сітуацыю ў інфармацыйнай прасторы. А таксама на тое, што Беларусь жыве ў жорсткай сістэме. І “несістэмныя” людзі шукаюць сябе ці ў крымінале, ці ў тым, што ім бліжэй. Адпаведна той сістэме каардынат, якая каму больш блізкая. І таму аматары “русского мира”, якія жадаюць пашукаць прыгодаў, яны могуць туды паехаць да сепаратыстаў і пашукаць прыгодаў на тым баку…

— А ваююць яны, на ваш погляд, за грошы ці проста “з любові да мастацтва”?

— Чуў і пра такіх, і пра такіх. Але каб гаварыць больш канкрэтна, трэба мець фактуру, а фактуры я не маю.

— Уяўная сітуацыя: Расія сышла і з Крыма, і з Данбаса. Гэтыя тэрыторыі зноў кантралююцца Кіевам. Але ж там засталіся людзі, якія спачувалі сепаратыстам і нават ваявалі супраць узброеных сілаў Украіны. Ці змогуць украінцы з імі хоць неяк паразумецца?

— Пачну крыху здалёк. Калі параўнаць беларусаў і ўкраінцаў, то беларусы куды мабільнейшыя. Лідары па колькасці шэнгенскіх візаў! А траціна ўкраінцаў ніколі не выяжджала па-за межы сваіх абласцей. Гэта і на Усходзе, і на Захадзе. Яны жывуць сваімі міфамі пра суседзяў. Таму, адпаведна, прывіць адным міфы пра “данецкіх малпаў”, а другім – пра “жыда-бандэраўцаў, якія жаруць дзетак”, тут вельмі лёгка і бюджэтна нядорага. Пытанне ў тым, што ўсёй Украіне трэба мяняцца. Калі пакінуць той жа Данецк без прыезду новых людзей, без культурнага абмена, то той жа ДНР можна будзе атрымаць другі, трэці, пяты і дзясяты раз. Колькі беларусаў ваюе ў Антытэрарыстычнай аперацыі — невядома. Больш за ўсё нашых суайчыннікаў у ДУК “Правы сектар”, “Данбасе” і “Айдары”. Этнічныя беларусы з украінска-беларускага памежжа ёсць у батальёнах “Чарнігаў” і “АУН”, а таксама ў Першым танкавым корпусе і 93-й аэрамабільнай брыгадзе. 

Радыё Рацыя