Парашэнка абвінаваціў Маскву ў гібелі людзей каля Рады
Парашэнка лічыць, што непрадказальная палітыка расійскага прэзідэнта нясе небяспеку не толькі для Украіны, але і для еўрапейскай і глабальнай бяспекі.
Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка ўсклаў на Крэмль адказнасць за гібель трох супрацоўнікаў правапарадку падчас сутыкненняў каля будынку Вярхоўнай рады ў Кіеве. У разгорнутым, эксклюзіўным інтэрв'ю брытанскаму тэлеканалу Sky News ў сераду, 2 верасня, кіраўнік дзяржавы абвінаваціў Расію ў працягванні "кампаніі дэстабілізацыі" яго краіны, паведамляе Deutsche Welle.
Заява Парашэнкі пра тое, што Расія, магчыма, стаіць за злачынцамі, якія кінулі баявую гранату ў паліцыянтаў у мінулы панядзелак у Кіеве, напэўна, выкліча давер у прыхільнікаў тэорыі змовы і некаторых ваенных тэарэтыкаў, адзначае ў сваім каментары да інтэрв'ю журналіст Sky News. Масква, паводле яго слоў, стала першаадкрывальнікам таго, што сёння называецца "гібрыднай вайной", якая грунтуецца на выкарыстанні таемных агентаў для распальвання нестабільнасці ў грамадстве.
Парашэнка лічыць, што палітыка расійскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна, якую ён назваў "непрадказальнай", уяўляе небяспеку не толькі для Украіны, але і ў больш шырокім сэнсе — для еўрапейскай і глабальнай бяспекі. Пры гэтым усе надзеі на ўрэгуляванне канфлікту ў сваёй краіне ён ускладае на дамову пра спыненне агню, падпісаную ў Мінску ў лютым гэтага года. Але выконваецца гэтая дамова толькі ў апошнія дні.
"Адзіная прычына, з-за якой расіяне прынялі ўдзел у сустрэчы ў Менску і наогул выказалі гатоўнасць весці перамовы, — гэта вынік эканамічных санкцый, уведзеных астатнім светам", — заявіў Парашэнка. Ён яшчэ раз падкрэсліў, што Украіна не просіць дасылаць ёй войскі, але па-ранейшаму мае патрэбу ў падтрымцы міжнароднай супольнасці.