Працэс аб прызнанні TUT.BY экстрэмісцкім прыпынены на няпэўны тэрмін
У судзе Цэнтральнага раёна распачаўся працэс аб прызнанні па прапанове МУС экстрэмісцкімі матэрыялы TUT.BY — сайта, сацсетак і ўсіх праектаў партала. Толькі што стала вядома, што суд зрабілі закрытым па хадайніцтве прадстаўніка МУС.
Працэс вядзе намесніца старшына суда Цэнтральнага раёна ў грамадзянскіх справах Тацяна Скопец. Інтарэсы Tut.by прадстаўляе адвакатка Марыя Анапольская. Прадстаўнік МУС — Аляксандр Крывулін.
Нагадаем, 12 траўня рэспубліканская экспертная камісія па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці / адсутнасці ў ёй прыкмет праявы экстрэмізму прадставіла ў МУС сваё заключэнне № 234. Эксперты — прафесар кафедры прававой інфарматыкі Акадэміі МУС Аляксандр Іваноўскі і Тацяна Лапуніна — начальніца аддзела маўленчых і эканамічных даследаванняў Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз — разгледзелі 498 матэрыялаў: 39 публікацый на партале, 97 матэрыялаў з відэа і больш за 350 скрыншотаў допісаў з Telegram-канала TUT.BY. Таксама згаданыя тры матэрыялы іншых СМІ, якія сайт перадрукаваў.
Асноўныя тэзісы экспертызы:
— службовыя асобы краіны характарызуюцца негатыўна. Нібыта ў публікацыях ідзе адмоўная ацэнка Аляксандра Лукашэнкі, Наталлі Качанавай, Наталлі Эйсмант і іншых. Дзеянні іх праціўнікаў, на думку Іваноўскага і Лапунінай, TUT.BY ацэньвае выключна станоўча;
— партал з’яўляецца схаваным каардынатарам пратэсна настроенай часткі грамадства;
— дзеянні TUT.BY па інфармацыйным забеспячэнні пратэстаў, стварэнні магчымасці выступаць з дэструктыўнымі заклікамі наносяць шкоду нацыянальным інтарэсам Беларусі;
— у матэрыялах ёсць ускосныя заклікі да пратэстаў — напрыклад, да такіх заклікаў прылічылі загаловак матэрыяла «Ціханоўская разлічвае на сыход Лукашэнкі ўвесну»;
— шматразовым паўтарэннем лозунга «Я/Мы з вамі» выяўляецца ідэя кансалідацыі ўсіх слаёў грамадства вакол пратэстаў, накіраваных «на страйк асноўных бюджэтаўтваральных прадпрыемстваў Беларусі»;
— у тэкстах ёсць маўленчыя стратэгіі і тактыкі дыскрэдытацыі, тут прыводзяцца цытаты Святланы Ціханоўскай і Марыі Калеснікавай адносна становішча ў краіне. Выказванні нібыта аказвалі ўздзеянне на чытачоў.
Абноўлена: працэс аб прызнанні прадукцыі партала TUT.BY і сацсетак выдання экстрэмісцкімі прыпынены на нявызначаны тэрмін. Была пададзеная заява аб абскарджванні дзеянняў Камісіі па вынясенні экспертнага заключэння. Яе будзе разглядаць Эканамічны суд. Дата пасяджэння пакуль не вызначаная.