Працоўныя МТЗ выйшлі на вуліцу (фота, відэа)
На Мінскім трактарным заводзе сабраліся рабочыя, каб сустрэцца з прэм’ер-міністрам. Аднак прэм'ер да іх не выйшаў — і рабочыя пайшлі ў цэнтр самі!
Працоўных са змены вітаў жывы ланцуг. Людзі махалі кветкамі, крычалі "Дзякуй!"
І працоўныя патрабавалі, каб на гэтай сустрэчы таксама прысутнічалі журналісты. Але непасрэдна перад сустрэчай выйшлі прадстаўнікі адміністрацыя завода і сказалі, што медыя прысутнічаць на сустрэчы не будуць.
Пасля гэтага рабочыя адмовіліся размаўляць з прэм’ерам і выйшлі да людзей за прахадную. Таксама яны абвясцілі, што калі праз пяць хвілін прэм’ер да іх не выйдзе, яны самі пойдуць да яго па праспекту.
Каля завода сабралося шмат людзей, працоўных сустракаў жывы ланцуг — людзі ў белай вопратцы і з кветкамі.
Рабочыя агучылі свае асноўныя патрабаванні:
1. Адстаўка цяперашняй улады і правядзенне новых выбараў
2. Вызваленне ўсіх палітзняволеных
3. Допуск незалежных назіральнікаў, запрашэнне еўрапейскіх. назіральнікаў, каб забяспечыць празрысты і сумленны падлік галасоў.
4. Вывад ваенных сілаў з беларускіх гарадоў.
5. Свабода для ўсіх медыя.
Прэм’ер да працоўных не выйшаў, таму яны самі скіраваліся пра Партызанскім праспекце да цэнтра.
Калона працоўных МТЗ дайшла да Электратэхнічнага завода. Між тым АМАП паспеў закрыць прахадную, каб людзі не маглі выйсці з цэнтральнага ўваходу. Аднак людзі выходзяць з іншага боку будынку.
На перакрыжаванні праспекта Незалежнасці і вуліцы Казлова стаяла калона, дзе было шмат жанчын з кветкамі. Яны далучыліся да калоны МТЗ.
На плошчы Перамогі да агульнай калоны пратэстоўцаў таксама далучаюцца групы людзей, якія там стаялі. Калона ўжо каля 3–4 тысяч чалавек, і яна скіроўваецца да цэнтра, да Дома ўраду. Уражвае незвычайнае адзінства людзей — дзяўчаты ў белых сукенках, з кветкамі і балонікамі, і мужчыны ў працоўных робах.