Праект беларусаў намінаваны на «Стартап года» ў Сан-Францыска
Дзякуючы стартапу людзі без спецыяльных тэхнічных ведаў змогуць «размаўляць» з базамі звестак.
Стартап FriendlyData, які стартаваў у Беларусі, а затым адправіўся ў адзін з вядучых акселератараў Крамянёвай даліны 500 Startups, увайшоў у спіс для галасавання за найлепшыя праекты 2017 года ў заходнім рэгіёне ЗША.
Стартапы сабраныя рэсурсам tech.co, які больш за 10 гадоў сочыць за развіццём праектаў-пачаткоўцаў. У канчатковым выніку будзе ўзятая сотня стартапаў з усіх рэгіёнаў, з якіх пяць па выніках галасавання адправяцца на кастрычніцкую канферэнцыю Innovate! and Celebrate ў Сан-Францыска.
На мерапрыемстве камандам трэба будзе прадэманстраваць свае праекты перад вялікай аўдыторыяй і вядомымі суддзямі. Адзначаецца, што стартапы пазмагаюцца за прызы і фінансавыя бонусы, а таксама змогуць знайсці ментарскую падтрымку і інвестараў, піша Onliner.
FriendlyData з'явіўся больш за год таму, ён арыентаваны на B2B-сегмент. Праект, як намякае назва, робіць працу са звесткамі больш зручнай для карыстальнікаў. Тэхналогія дазваляе бізнэсу надаваць карыстальнікам і супрацоўнікам імгненны доступ да звестак праз натуральна-моўны інтэрфейс. Так людзі без спецыяльных тэхнічных ведаў змогуць «размаўляць» з базамі звестак і імгненна атрымліваць патрэбную інфармацыю.
У канцы вясны праект нашых суайчыннікаў прайшоў у шорт-ліст праектаў на амерыканскай выставе Collision і атрымаў ментарства кіраўніка кампаніі Sisense Адзі Азарыя.
Паводле Хартыі'97