Праз Трампа Зямля можа ператварыцца ў Венеру — Хокінг
Паводле словаў знакамітага навукоўца, прэзідэнт ЗША ставіць пад пагрозу існаванне прыроды ў вядомым выглядзе.
Прафесар Стывен Хокінг рэзка пракаментаваў рашэнне прэзідэнта ЗША Дональда Трампа вывесці Злучаныя Штаты з Парыжскага пагаднення аб клімаце. Ён сказаў, што гэта можа прывесці да "пераломнай кропкі", якая "ператворыць Зямлю ў Венеру". Пра гэта піша “The Telegraph”.
"Мы блізкія да пераломнага моманту, калі глабальнае пацяпленне становіцца незваротным", — сказаў аўтар "Кароткай гісторыі часу". "Дзеянні Трампа могуць падштурхнуць Зямлю да ператварэння ў Венеру з дажджамі з сернай кіслаты. Змена клімату — адна з найвялікшых небяспекаў, але мы можам яе прадухіліць, калі будзем дзейнічаць зараз", — падкрэсліў навуковец.
"Адмаўляючы доказы змены клімату і выходзячы з Парыжскага кліматычнага пагаднення, Дональд Трамп наносіць шкодну для навакольнага асяроддзя нашай цудоўнай планеты і ставіць пад пагрозу прыроду", — дадаў Хокінг, нагадаўшы, што парніковы эфект на Венеры настолькі моцны, што на яе паверхні плавіцца свінец.
Раней Стывен Хокінг заяўляў, што людзі павінны каланізаваць іншую планету на працягу бліжэйшых 100 гадоў, інакш яны сутыкнуцца з пагрозай знікнення.
Паводле unian.net