Пракуратура патрабуе заблакаваць доступ да парталу Hrodna.life за «дыскрэдытацыю» дзяржавы і сілавікоў

Пракуратура Гродзенскай вобласці вырашыла абмежаваць доступ да гродзенскага інтэрнэт-рэсурсу Hrodna.life.

Галоўны рэдактар Нrodna.life Аляксей Шота

Галоўны рэдактар Нrodna.life Аляксей Шота


Пастанову за подпісам Эдуарда Бурака, які выконвае абавязкі абласнога пракурора, накіравалі 16 верасня ў Міністэрства сувязі і інфарматызацыі і ў дзяржаўную інспекцыю па электрасувязі.

Цяпер сайт Нrodna.life адкрываецца свабодна, перадае Радыё Свабода.

Прычынамі блакавання сайта ўлады называюць:

«Асобныя артыкулы якія суправаджаюцца відэаматэрыяламі, што нэгатыўна характарызуюць Беларусь пасля выбарчай кампаніі і дыскрэдытуюць дзейнасць дзяржаўных праваахоўных органаў».

Прыцягненне рэдактараў «Гродна Лайф Медыя» Аляксея Шоты і Ірыны Новік да адміністрацыйнай адказнасці за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў».

«Наш сайт — не першы і не апошні рэсурс, заблакаваны ўладамі за год пасля выбараў. Гэта было не пытаннем парушэнняў ці іх адсутнасці, а толькі пытаннем часу. Спачатку разграмілі вялікія парталы. Цяпер чарга дайшла да лакальных медыя. Мы былі гатовыя да такога павароту падзей. Ужо прааналізаваны досвед калегаў, прадуманыя далейшыя дзеянні. Таму не развітваемся з нашымі чытачамі. Будзем працаваць далей і інфармаваць пра самыя важныя падзеі ў Гродна», — пракаментавала рэдактарка спецпраектаў Hrodna.life Ірына Новік.

За апошні год рэдакцыя Hrodna.life зазнала арышты, ператрусы і сумарна атрымала больш як $10 тысяч штрафаў. Арганізацыю ААТ «Гродна Лайф Медыя», якой належыць гродзенскі незалежны інтэрнэт-партал HrodnaLife, належыць ліквідаваць да 30 лістапада. Такое рашэнне вынес эканамічны суд Гродзенскай вобласці.

Ад сярэдзіны ліпеня па ўсёй Беларусі адбываецца масавая ліквідацыя недзяржаўных арганізацый. Пад пагрозай існаванне дзясяткаў асветніцкіх, праваабарончых, дабрачынных, спажывецкіх, даследчых і іншых арганізацый. Іх прадстаўнікоў затрымліваюць, праводзяць у іх дома і ў офісах ператрусы, арыштоўваюць рахункі.