Пракуратура: правы сям'і Алесі Садоўскай парушаны. Хто панясе адказнасць?
Мінская абласная пракуратура прызнала, што правы сям'і Алесі Садоўскай былі парушаны і накіравала ўсе факты парушэнняў старшыні Маладзечанскага райвыканкама для "ліквідацыі і недапушчэння ў далейшым".
Алесе Садоўскай пракуратура параіла звярнуцца да наймальнікаў службовых асоб, вінаватых у прыняцці рашэння аб адабранні з сям'і малалетняй дачкі, для "прыцягнення да дысцыплінарнай адказнасці".
Пракуратура Мінскай вобласці прызнала, што парушэнні дапусцілі службовыя асобы аддзела адукацыі, спорту і турызму Маладзечанскага райвыканкама, якія накіравалі 30 чэрвеня 2015 года ў псіханеўралагічны дыспансер запыт аб наяўнасці (адсутнасці) у Алесі Садоўскай захворвання, пры якім бацькі не могуць выконваць бацькоўскія абавязкі. На падставе дадзенага запыту жанчыне адмоўлена ў вяртанні дачкі. Парушэнні дапусціў начальнік псіханеўралагічнага дыспансэра А.Бажко, які прадаставіў такое заключэнне і парушыў медычную тайну, і службовыя асобы Маладзечанскага райвыканкама, якія прынялі 13 ліпеня 2015 года рашэнне адабраць дачку ў Алесі Садоўскай.
Парушэнні ёсць — павінна быць і пакаранне. Але не тут тое было. "Інфармацыя была разгледжана на нарадзе пры намесніку старшыні райвыканкама пры ўдзеле зацікаўлены органаў, адказных за выкананне ... дэкрэта №18, да ведама якіх даведзена пра неабходнасць няўхільнага выканання норм дэкрэта №18", — паведамляе намеснік пракурора Мінскай вобласці А.Беліцкі.
Старшы саветнік юстыцыі раіць Алесі Садоўскай звяртацца да наймальнікаў, каб прыцягнуць вінаватых да дысцыплінарнай адказнасці.
— Я прасіла Мінскі аблвыканкам выявіць прычыну дапушчаных парушэнняў з боку Маладзечанскага райвыканкама і аддзела адукацыі Маладзечанскага раёна ў дачыненні да маёй сям'і. У звароце я таксама прасіла разгледзець пытанне аб адпаведнасцi займаемай пасадзе начальніка аддзела адукацыі Маладзечанскага райвыканкама, якая пражывае сумесна з блізкім сваяком, які пакутуе хранічным псіхічным захворваннем. У адказе за подпісам начальніка Упраўлення адукацыі па прозвішчы Казак змяшчаецца інфармацыя, што ўсім датычным да злачынства ў дачыненні да маёй дачкі паказана на недапушчэнне падобных паводзін, — распавядае Алеся Садоўская.
Паколькі тэрміны аб прыцягненні службовых асоб да дысцыплінарнай адказнасці скончыліся (старшыня Маладзечанскага райвыканкама Аляксандр Яхнавец адмовіўся прыцягваць вінаватых да адказнасці), жанчына накіравала ў Мінскую абласную пракуратуру запыт аб удакладненні фактаў, якія могуць паслужыць падставай для прыцягнення да крымінальнай адказнасці.
17 чэрвеня 2016 года суддзя суду Маладзечанскага раёна Павел Жачко прызнаў Алесю Садоўскую вінаватай у гвалце і пагрозе насіллем у дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, з помсты за выкананне службовых абавязкаў і на падставе ч. 1 арт. 366 КК Рэспублікі Беларусь, і прызначыў пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады шэсць месяцаў.
Алеся Садоўская падавала ў Мінскі абласны суд апеляцыйную скаргу на прысуд суда Маладзечанскага раёна. Жанчына лічыць прысуд па крымінальнай справе незаконным, паколькі "ў аснову прысуду былі пакладзеныя супярэчлівыя паказанні сведак і пацярпелай, якая з'яўляецца зацікаўленай у зыходзе справы".
Пракуратура абскардзіла прысуд па крымінальнай справе Алесі Садоўскай і паставіла пад сумнеў заключэнне судова-псіхіятрычнай экспертызы ад 22 красавіка 2016 года, згодна з якім Алеся Садоўская не мае патрэбы ў прымусовым лячэнні.
5 жніўня 2016 года Мінскі абласны суд пакінуў прысуд у сіле.
З лютага да сярэдзіны чэрвеня 2016 года Алеся Садоўская правяла амаль чатыры месяцы ў ІЧУ, Жодзінскай турме №8 і «Навінках».
25 чэрвеня Алесі Садоўскай вярнулі васьмігадовую дачку Кацю, якая год па рашэнні Маладзечанскага райвыканкама (пазоў ініцыявала начальнік аддзела адукацыі спорту і турызму райвыканкама І.Драпеза) правяла па сацыяльным прытулкам і прыёмным сем'ям.
belprauda.org